Кіраўнік Гастомельскай пасялковай вайсковай адміністрацыі Тарас Думенка заявіў, што пасьля сыходу расейскіх войскаў больш як 400 мясцовых жыхароў зьніклі бязь вестак.
«За 35 дзён акупацыі ў нас больш за 400 зьніклых бязь вестак. Падвалы Гастомеля мы цяпер аглядаем супольна з ратавальнікамі і супрацоўнікамі патрульнай паліцыі. У нас ёсьць каля 1200 жыхароў, сувязь зь якімі пацьверджаная і якія інфармуюць нас пра месцазнаходжаньне тых ці іншых людзей, якія выехалі», — паведаміў Тарас Думенка ў інтэрвію «Громадському радіо».
Паводле яго, у Гастомелі ня так шмат знайшлі целаў забітых.
«Але ў вёсках нашай грамады былі знойдзеныя расстраляныя і забітыя. Таксама некалькі жыхароў нашай грамады знайшлі ў Бучы. Трэба разумець, што акупанты перамяшчалі людзей. У нас ёсьць пацьверджаныя зьвесткі, што людзі з Глебаўкі былі ў Гастомелі, а потым зь імі зьнікала сувязь. Але патрэбна разумець, што акупанты таксама замяталі сьляды сваіх злачынстваў», — дадаў ён.
Тарас Думенка адзначыў, што ёсьць фота і відэа застрэленых людзей, але іхныя целы дагэтуль ня могуць знайсьці.
«Ты мог рухацца ў напрамку Гастомеля, і ўздоўж дарогі стаялі расстраляныя аўтамабілі зь целамі, уключна зь дзецьмі. І мог вяртацца назад — а гэтых целаў ужо не было», — удакладніў кіраўнік Гастомельскай вайсковай адміністрацыі.
Тарас Думенка дадаў, што расейцы забілі мэра Гастомеля Юрыя Прыліпку, валянтэраў Руслана Карпенку і Івана Зару, начальніка пажарнай службы Гастомельскага аэрапорту, але целаў гэтых людзей украінцы не знайшлі.
24 сакавіка кіраўнік Кіеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксей Кулеба заявіў, што трэба дасьледаваць колькасьць украінцаў, прымусова вывезеных з Гастомеля ў Беларусь.
«Па Гастомелі нам яшчэ давядзецца вельмі доўга разьбірацца, бо там дагэтуль ёсьць, паводле нашых зьвестках, людзі, якіх не выпускаюць, і ў нас няма да іх доступу. Мы ня ведаем, якую колькасьць вывезьлі ў Беларусь, і не разумеем, чаму гэта зрабілі. У нас была інфармацыя, што іх грузілі ў аўтобусы і вывозілі ў Беларусь», — сказаў Аляксей Кулеба.
23 сакавіка Свабода пагутарыла з украінкай, якая трапіла з Гастомеля пад Гомель.