Расейскія танкі, падбітыя ва Ўкраіне. Ілюстрацыйнае фота
«Тое, што яны знаходзяцца ў нашай краіне, зьяўляецца крыніцай небясьпекі для ўсяго рэгіёну», — падкрэсьліла Сьвятлана Ціханоўская.
Свой відэазварот на ангельскай мове Ціханоўская апублікавала ў Twitter.
«Я заклікаю міжнародную супольнасьць патрабаваць поўнага вываду расейскіх войскаў з Беларусі — яны не павінны знаходзіцца на тэрыторыі ні нашай краіны, ні Ўкраіны. Пасьля здымкаў, якія мы бачылі з Бучы, спадзяюся, ня трэба тлумачыць, чаму.
Беларускія партызаны дзеляцца шматлікімі фатаздымкамі тысяч расейскіх вайскоўцаў, дыслякаваных па ўсёй нашай краіне. Яны выкарыстоўваюць вайсковую структуру для разьмяшчэньня ракет і самалётаў для нападу на Ўкраіну. Яны выкарыстоўваюць шпіталі для параненых салдат.
Канцэнтрацыя войскаў у некаторых гарадах стала настолькі высокай, што ўжо пагражае жыхарам у Мазыры, Рэчыцы, Гомлі і іншых. Яны паводзяць сябе правакацыйна.
Прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі супярэчаць беларускаму канстытуцыйнаму нэўтралітэту, але яны таксама зьяўляюцца пагрозай для ўсёй Эўропы. Спадзяюся, што мяне пачуюць у сьвеце, у Эўразьвязе, ва Ўкраіне, у ААН»,— заявіла Ціханоўская.
Лукашэнка дазволіў Расеі скарыстаць беларускую тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.
Паводле зводкі ўкраінскага Генштабу за 5 красавіка, калёны ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі рухаюцца празь Беларусь у кірунку вакзалаў Гомель, Ельск і Мазыр для пагрузкі ў цягнікі. Значная частка самалётаў і верталётаў ВПС Расеі перадысьлякавалася з аэрадромаў Беларусі ў Расею.