Брытанія сьледам за Злучанымі Штатамі заклікала выключыць Расею з Рады правоў чалавека ААН

Месца масавых пахаваньняў у Бучы
Месца масавых пахаваньняў у Бучы

Расея ня можа заставацца ў Радзе правоў чалавека ААН з прычыны яе дзеяньняў ва Ўкраіне, заявіла міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас.

«Улічваючы важкія доказы ваенных злачынстваў, у тым ліку паведамленьні аб масавых пахаваньнях і жудаснай разьні ў Бучы, Расея ня можа заставацца членам Рады правоў чалавека ААН. Расею трэба выключыць», — напісала ў твітэры Трас 4 красавіка.

Тым часам прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў, што Вялікая Брытанія працуе над прыцягненьнем да адказнасьці вінаватых у забойствах пад Кіевам.

«Адкрыцьцё новых масавых пахаваньняў пад Кіевам выклікае агіду. Злучанае Каралеўства не застанецца ўбаку, пакуль адбываецца гэтае непераборлівае і недаравальнае праліцьцё крыві. Мы працуем над прыцягненьнем вінаватых да адказнасьці. Мы не супакоімся, пакуль справядлівасьць не пераможа», — напісаў Джонсан у твітэры.

Раней сёньня амбасадарка ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд заявіла, што ЗША дамагаюцца выключэньня Расеі з Рады правоў чалавека ААН пасьля паведамленьняў аб тым, што расейскія вайскоўцы забілі сотні мірных жыхароў у Бучы Кіеўскай вобласьці.

«Удзел Расеі ў Радзе правоў чалавека — гэта фарс», — сказала яна.

Расейскія войскі нядаўна выйшлі з Бучы, што на паўночным захадзе ад Кіева, пасьля чаго ў горадзе знайшлі сотні загінулых мірных жыхароў.

Фатаграфіі целаў, некаторыя са зьвязанымі рукамі, выклікалі шок і асуджэньне міжнароднай супольнасьці і заклікі да больш жорсткіх санкцый супраць Расеі і крымінальнага перасьледу вінаватых.

Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка паведаміў Радыё Свабода, што падчас расейскай акупацыі Бучы Кіеўскай вобласьці загінулі ня менш як 400 чалавек.

Расейскія ўлады называюць шматлікія фота- і відэасьведчаньні гэтых забойстваў «правакацыяй» і «інсцэніроўкай».

​
XS
SM
MD
LG