Расейская вайсковая тэхніка на станцыі Навабеліца ў Гомлі. Ілюстрацыйнае фота
Дасьледнікі з Conflict Intelligence Team (CIT) атрымалі пацьвярджэньне ранейшых зьвестак, што расейскія сілы, якія Масква выводзіць з поўначы Ўкраіны, могуць быць перакінутыя на Данбас.
Дасьледнікі паведамляюць, што 2 красавіка на відэа ў Беларусі быў зьняты эшалён з дэсантнай тэхнікай (БМД-2). На эшалёне, як сьцьвярджае CIT, могуць быць машыны са складу дэсантных частак або злучэньняў, якія бралі ўдзел у баях на тэрыторыі Кіеўскай вобласьці — 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі, 98-й паветрана-дэсантнай дывізіі або 31-й дэсантна-штурмавой брыгады.
Паводле базы дадзеных расейскай чыгункі, эшалён ідзе на станцыю Новы Аскол у Белгарадзкай вобласьці, непадалёк ад мяжы з акупаванай часткай Харкаўскай вобласьці Ўкраіны. На разьмешчаную непадалёк станцыю Валуйкі ідзе эшалён з Т-72Б3, які адправіўся зь Ельні, дзе дысьлякаваны 59-ы танкавы полк 144-й мотастралковай дывізіі. Таксама да апошніх тыдняў перад уварваньнем там знаходзілася тэхніка 41-й агульнавайсковай арміі Цэнтральнай вайсковай акругі. Магчыма, лічаць дасьледнікі, гэтыя танкі не ўзялі ўдзелу ва ўварваньні празь няспраўнасьці, а цяпер іх адрамантавалі.
Гэтая тэхніка, дадаюць яны, хутчэй за ўсё, пройдзе на поўдзень праз Купянск і Ізюм, нядаўна ўзяты расейскімі войскамі, у напрамку Славянску ў Данецкай вобласьці. Перакіданьне як выведзеных, так і, магчыма, раней не задзейнічаных машын азначае, лічыць CIT, што расейскае камандаваньне настроена сур’ёзна і што ў бліжэйшыя дні бітва за Данбас будзе толькі разгарацца.