- Тая лінія фронту, якую мы бачым цяпер (а таксама тое, якія гарады падкантрольныя расейскім сілам ці заблякаваныя), склалася прыкладна за першы тыдзень вайны.
- Апошнія тры тыдні пераважна ідуць пазыцыйныя баі. Гэта ўжо поўнамаштабная зацяжная вайна.
- Нават нашыя кансэрватыўныя ацэнкі стратаў загінулымі расейскіх вайскоўцаў ужо параўнальныя з абедзьвюма чачэнскімі кампаніямі. Паводле афіцыйных зьвестак, з боку фэдэральных сілаў у першай чачэнскай вайне было забіта каля 4100 чалавек, а ў другой — каля 4400 чалавек.
- Нашая цяперашняя ацэнка колькасьці забітых расейскіх вайскоўцаў — як мінімум 3 тысячы, але імаверна, што іх больш.
- Галоўная праблема расейскіх сілаў у цяперашняй зацяжной вайне — гэта забесьпячэньне. Не хапае харчоў і паліва.
- Асаблівыя праблемы маюць сілы расейскай Нацыянальнай гвардыі. Яна прызначаная не для вядзеньня войнаў, а для разгону пратэстаў у гарадах, і яны ня маюць паўнавартаснага тылу, у адрозьненьне ад вайскоўцаў.
- Салдатаў тэрміновай службы цяпер у асноўным не выкарыстоўваюць у ваенных дзеяньнях, але трымаюць на мяжы з Украінай.
- Мы атрымліваем інфармацыю ад расейскіх салдатаў, што многія маюць абмаражэньні, бо на ўсіх не хапае намётаў і зімовай уніформы.
- Немагчыма зразумець, ці ёсьць адзіны камандуючы ўсёй расейскай апэрацыяй. Відавочна, што ёсьць камандзіры асобных кірункаў: «Поўдзень» — наступ з Крыму, «Поўнач» — наступ у Кіеўскай вобласьці. Але выглядае, што яны слаба каардынуюцца між сабой, а каардынацыя паміж родамі войскаў таксама слабая. Гэта прыводзіць да таго, што асобныя падразьдзяленьні часам кідаюць у бой без прыкрыцьця.
- Кірунак «Поўдзень» быў найбольш пасьпяховы для расейскіх сілаў. Там яны прасунуліся да цяперашніх пазыцый даволі хутка безь вялікіх стратаў. Так, там ёсьць «эфэкт Чарнабаеўкі», дзе ўвесь час нішчаць расейскую тэхніку і асабовы склад, але ў маштабах усёй групоўкі, якая наступае з поўдня, гэта не такая вялікая частка.
- Кірунак «Чарнігаў і Сумы» — адзін з найменш пасьпяховых. Там расейскія войскі ўвесь час трацілі сілы, танкі і асабовы склад. Гэта адзін з найцяжэйшых кірункаў, бо там доўгая лінія забесьпячэньня.