Расейскі салдат і жыхары ў акупаванай частцы Марыюпалю, 29 сакавіка 2022 г.
Паводле расейскай інфармацыі, на іх тэрыторыю з пачатку вайны перабраліся або былі перавезеныя 529 000 чалавек, у тым ліку 107 тысяч дзяцей.
Каля 400 тысяч украінцаў гвалтам вывезьлі ў Расею падчас вайны, пра гэта ў інтэрвію Euronews паведаміла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Людміла Дзянісава.
«Нашых грамадзян дэпартавалі з нашай тэрыторыі на іх тэрыторыю. Яны сышлі не з уласнай волі, іх гвалтам адвезьлі спачатку ў фільтрацыйны лягер на Данеччыне. Пасьля гэтага іх вязуць аўтобусам у Расею. Затым цягніком вязуць у розныя месцы, у прыватнасьці, у дэпрэсіўныя рэгіёны РФ накшталт Сахаліну», — сказала Дзянісава.
Расейскае дзяржаўнае агенцтва «РИА Новости» паведамляе са спасылкай на «прадстаўніка экстранных службаў» (яго імя не было названа), што колькасьць уцекачоў з самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама зь іншых тэрыторыяў Украіны вырасла да паўмільёна чалавек: на расейскую тэрыторыю з пачатку вайны перабраліся або перавезеныя 529 000 чалавек, у тым ліку 107 тысяч дзяцей.
У паведамленьні не ўдакладняецца, ці ўваходзяць у гэты лік тыя, каго эвакуавалі з так званых «ДНР» і «ЛНР» яшчэ да 24 лютага, калі Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне.
Паводле ААН, у выніку нападу Расеі на Ўкраіну ўнутранымі ўцекачамі сталі ўжо каля 10 млн чалавек, каля чатырох мільёнаў зь іх выехалі за мяжу, у пераважнай большасьці — у супрацьлеглым ад Расеі кірунку.
Украінскія ўлады неаднаразова сьцьвярджалі, што многіх людзей з, напрыклад, левабярэжных раёнаў Марыюпалю вывозяць у Расею сіламоц, пры гэтым старанна правяраючы дакумэнты і тэлефоны і дапытваючы наконт знаёмства з украінскімі вайскоўцамі.
Ва ўмовах ваеннага часу хутка пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць заявы нават афіцыйных асобаў складана.