Расейскі алігарх Раман Абрамовіч — «пасярэднік» паміж расейскай і ўкраінскай дэлегацыямі на перамовах, заявіў на брыфінгу 30 сакавіка дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк.
Такім чынам ён адказаў на пытаньні пра ролю алігарха ў перамоўным працэсе.
«Што да спадара Абрамовіча, то, вядома, у СМІ даўно вядома, што ён вельмі дзейсны пасярэднік паміж дэлегацыямі. Гэта значыць, ён часткова мадэруе працэс з пункту гледжаньня, каб не было непаразуменьня „на ўваходзе“. То бок, калі бакі нешта кажуць, а другі бок ня так зразумеў. Падкрэсьліваю, з пункту гледжаньня лягістыкі перамоўнага працэсу», — цытуе Падаляка ўкраінская служба Радыё Свабода. Падаляк выказаў меркаваньне, што Абрамовіч «надзвычай эфэктыўна» адпрацаваў пасярэдніцтва паміж дэлегацыямі.
Акрамя таго, прадстаўнік дэлегацыі зноў абверг паведамленьні аб атручваньні ўдзельнікаў перамоваў, у тым ліку Абрамовіча.
«Што да атручваньня, я не зусім разумею. На мой погляд, гэта больш тэорыі змовы, якія павінны аказваць ціск на дэлегацыі, ствараць такі містычны арэол паміж перамоўным працэсам, не дапускаць дэлегацыі канцэнтравацца на сутнасьці, а не на форме», — сказаў дарадца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта.
Раней газэта Wall Street Journal і праекты Bellingcat і The Insider паведамлялі, што падчас перамоваў украінскай і расейскай дэлегацый аб вайне Расеі супраць Украіны ў ноч з 3 на 4 сакавіка ў трох удзельнікаў былі сымптомы атручэньня хімічнымі рэчывамі.
Паводле журналістаў, атручэньне адбылося пасьля перамоваў — ноччу ў трох чальцоў украінскай дэлегацыі, якія знаходзіліся ў адной кватэры, у тым ліку Рамана Абрамовіча і ўкраінскага дэпутата Рустэма Ўмерава, зьявіліся сымптомы хваробы — запаленьне вачэй і скуры.