Пра завяршэньне імпарту вуглевадародаў з Расеі сёньня на прэс-канфэрэнцыі на паліўным складзе ў горадзе Мастыска заявіў прэм‘ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.
Ён таксама сказаў аб неабходнасьці рэалізацыі радыкальнага пляна адмовы ад паліва з Расеі ва ўсім ЭЗ. Польскі ўрад плянуе цалкам адысьці ад расейскага вугалю не пазьней за красавік-травень 2022 года, піша Rzeczpospolita.
«Адпаведны закон мы прынялі ў Радзе Міністраў, накіроўваем яго ў парлямэнт і з подпісам Прэзыдэнта ўвядзём поўнае эмбарга на вугаль», — абвясьціў Маравецкі. — З нафтай з гэтага напрамку мы разьвітаемся да канца года. Таксама як і з газам, для якога альтэрнатывай стане звадкаваны прыродны газ і газ з Нарвэгіі», — сказаў Маравецкі.
Ён падкрэсьліў неабходнасьць рэалізацыі радыкальнага пляна адмовы ад паліва з Расеі ва ўсім Эўразьвязе:
«Патрэбна цьвярозасьць, мы ўжо ведалі, што Расея выкарыстоўвае газ як інструмэнт шантажу. Мы казалі гэта некалькі месяцаў таму. Для нас гэта пасьлядоўная палітыка».
Міністар клімату і навакольнага асяродзьдзя Ганна Москва дадала, што альтэрнатывай, акрамя павелічэньня ўнутранай здабычы, можа стаць таксама імпарт вугалю з Паўднёвай Афрыкі і Аўстраліі.
Таксама Маравецкі абвясьціў аб адмове ад расейскай нафты і газу да канца гэтага году:
«З 2015-2016 гадоў пачаўся працэс дэрусіфікацыі гэтай важнай сыравіны. Мы прыйшлі да таго, што зьяўляемся ўжо ў значнай ступені незалежнымі. Але і тут мы прадстаўляем самы радыкальны ў Эўропе плян адмовы ад расейскай нафты да канца гэтага года», — падкрэсьліў прэм’ер-міністар.
Што тычыцца газу, то працэс незалежнасьці ад расейскага газу ідзе ўжо некалькі гадоў:
«Мы былі больш прадказальныя. Мы ўжо пабудавалі газавы тэрмінал у Свінауйсьці, а затым у 2016 годзе пачалі будаўніцтва газаправода Baltic Pipe і пашырылі іншыя газаправоды. Таксама мы плянуем пабудаваць плывучы Газапорт пад Гданьскам. Усё гэта робіць нас незалежнымі ад расійскай нафты і газу», — сказаў кіраўнік польскага ўраду.