Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар МАГАТЭ наведаў адну з украінскіх АЭС, не захопленую расейскім войскам

Рафаэль Марыяна Гросі падчас прэс-канферэнцыі аб сытуацыі на захопленай расейскімі войскамі Запароскай АЭС, 4 сакавіка 2022
Рафаэль Марыяна Гросі падчас прэс-канферэнцыі аб сытуацыі на захопленай расейскімі войскамі Запароскай АЭС, 4 сакавіка 2022

Украіна заклікала абмежаваць расейскую прысутнасьць у інспэкцыях МАГАТЭ.

Дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі, які прыбыў ва Украіну напярэдадні, 30 сакавіка наведаў Паўднёва-Ўкраінскую АЭС у Мікалаеўскай вобласьці.

«Я знаходжуся на Паўднёва-Ўкраінскай АЭС, каб сустрэцца з украінскімі ўрадавымі чыноўнікамі і супрацоўнікамі і пачаць тэхнічную дапамогу МАГАТЭ для забесьпячэньня бясьпекі ядзерных аб’ектаў краіны. Вельмі важна быць на месцы, каб аказаць эфэктыўную падтрымку Украіне ў гэтыя надзвычай цяжкія часы», — напісаў Гросі ў твітэры 30 сакавіка.

Украіна заклікала абмежаваць расейскую прысутнасьць у інспэкцыях МАГАТЭ

Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў аб неабходнасьці ва ўмовах расейскай агрэсіі супраць Украіны абмежаваць прысутнасьць прадстаўнікоў Расеі ў інспэкцыях МАГАТЭ па кантролі за ядзернай бясьпекай.

Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны, з такім заклікам Герман Галушчанка зьвярнуўся да дырэктара Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі пры ААН (МАГАТЭ) Рафаэля Мар’яна Гросі ў часе іхнай сустрэчы.

«Пасьля 24 лютага ёсьць толькі дзьве пазыцыі: правільная і скажоная. Трэцяга няма. Асабліва гэта датычыць ядзернай бясьпекі. Правільная пазыцыя — гэта гарантыі, бясьпека і ахова. Гэта тое, за што адказвае Ўкраіна. І іншая пазыцыя, скажоная пазыцыя, — гэта абстрэл ядзерных аб’ектаў, захоп Чарнобыльскай і Запароскай АЭС», — сказаў Герман Галушчанка.

Украінскі міністар падкрэсьліў, што найпершая ўмова для ядзернай бясьпекі — поўны вывад расейскіх войскаў з захопленых аб’ектаў атамнай энэргетыкі, а таксама з гарадоў-спадарожнікаў атамных станцый.

Герман Галушчанка таксама заявіў аб неабходнасьці абмежаваць доступ расейскіх супрацоўнікаў да інфармацыі аб атамнай энэргетыцы Ўкраіны, а таксама заблякаваць удзел прадстаўнікоў Расеі ў інспэкцыйнай дзейнасьці МАГАТЭ, місіях і службах гэтай арганізацыі.

У той жа час украінскі міністар дадаў, што Ўкраіна разьлічвае на падтрымку МАГАТЭ па інфармаваньні аб патэнцыйнай небясьпецы, якую стварае Расея, калі захоплівае і абстрэльвае ядзерныя аб’екты ва Ўкраіне.

«Захопліваючы ядзерныя аб’екты ва Ўкраіне, Расея ўчыняе акт ядзернага тэрарызму, паколькі гэта былі наўмысныя дзеяньні ў дачыненьні да ядзерных установак і дзеяньні, якія перашкаджаюць працы ядзерных установак. Яны добра ўсьведамляюць, што такія дзеяньні могуць прывесьці да цяжкіх наступстваў для насельніцтва, маёмасьці і навакольлю», — падкрэсьліў міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка.

Чарнобыльская АЭС была захопленая расейскімі войскамі 24 лютага; 6 лютага расейскія захопнікі ўзялі пад кантроль Запароскую АЭС.
Ва ўрадзе Ўкраіны заявілі, што «дзеяньні баевікоў Расеі на ядзерных аб’ектах Украіны пагражаюць экалягічнай трагедыяй усёй Эўропе».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG