Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом: Новая сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Расеі магчымая толькі ва ўмовах «адчувальнай дээскаляцыі» ва Ўкраіне

U.S. President Joe Biden announces his budget proposal for fiscal year 2023, in the State Dining Room at the White House in Washington, U.S., March 28, 2022.
U.S. President Joe Biden announces his budget proposal for fiscal year 2023, in the State Dining Room at the White House in Washington, U.S., March 28, 2022.

Разам з тым ЗША гатовыя спрыяць Украіне ў перамовах і заклікалі не падманвацца заявамі Расеі.

Белы дом заявіў, што новая сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Расеі магчымая толькі ва ўмовах «адчувальнай дээскаляцыі» расейскіх дзеяньняў ва Ўкраіне і дэманстрацыі Масквой «шчырай прыхільнасьці» да дыпляматыі.

З такой заявай выступіла на брыфінгу для журналістаў дырэктар камунікацыяў Белага дому Кейт Бэдынгфілд, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у панядзелак заявіў, што не выключае магчымасьці новай вочнай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Аднак Байдэн адзначыў, што магчымасьць такіх перамоваў залежыць ад іх парадку дня.

«Прэзыдэнт Байдэн ясна заяўляў, што перш чым будзе такі дыялёг, спатрэбіцца адчувальная дээскаляцыя з боку Расеі і ясная, шчырая прыхільнасьць да дыпляматычнага ўзаемадзеяньня», — сказала Бэдынгфілд.

Яна дадала, што Злучаныя Штаты гатовыя спрыяць Украіне ў яе перамовах з Расеяй і падтрымліваюць удзел Кіева ў гэтым дыпляматычным працэсе. «Мы ў шчыльным кантакце з Украінай і падтрымліваем іх намаганьні дзеля ўцягваньня ў дыпляматыю і спробы дасягнуць спыненьня агню», — сказала Бэдынгфілд.

«Мы гатовыя дапамагчы чым можам і засяроджаныя на тым, каб паставіць Украіну ў найлепшую пазыцыю як на полі бою, так і за сталом перамоваў, — працягнула дырэктар. — Мы пакідаем украінцам права абмяркоўваць спэцыфіку перамоваў».
Аднак Бэдынгфілд заклікала «выразна ўсьведамляць рэальнасьць падзеяў на месцах» і не падманвацца заявамі Расеі.

«Мы лічым, што любое перамяшчэньне сілаў вакол Кіева — гэта перадысьлякацыя, а не адвод войскаў, — сказала яна. — І сьвет павінен быць гатовы да маштабнага наступу на іншыя раёны Украіны. Усім варта чакаць, што напады будуць працягвацца па ўсёй тэрыторыі Украіны».

«Мусім убачыць, што Расея рэальна робіць, перш чым давяраць толькі сказанаму ёю. Мы бачылі ад самага пачатку, што яна агрэсіўна наступала на Кіеў у пачатку гэтага канфлікту. І ня маем падстаў меркаваць, што яны зьмянілі гэтую стратэгію», — падкрэсьліла прадстаўніца Белага дому.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG