Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці расейскага салдата, які загінуў ва Ўкраіне: «Штосьці пайшло ня так. Але нельга спыняцца»

Расейская ваенная тэхніка пад Гастомелем
Расейская ваенная тэхніка пад Гастомелем

26-гадовы Яўген, які служыў у РФ па кантракце, загінуў пры штурме аэрадрома Гастомель пад Кіевам у першыя дні вайны. Яго маці распавяла, як ён аказаўся ва Ўкраіне і што яна думае пра вайну.

У пятніцу, 25 сакавіка, Мінабароны РФ дало справаздачу, што за першы месяц баявых дзеяньняў ва Ўкраіне загінуў 1351 расейскі вайсковец. Газэта The Washington Post са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка ў NATO цьвердзіць, што колькасьць расейскіх салдат, якія загінулі, можа складаць ад сямі да пятнаццаці тысяч. Газэта «Камсамольская праўда» 20 сакавіка са спасылкай на Мінабароны РФ паведаміла аб тым, што загінуў 9861 салдат, але праз суткі выдаліла гэтую інфармацыю з артыкула, паведаміўшы пра нібыта ўзлом.

26-гадовы Яўген са Сьвярдлоўскай вобласьці, які служыў у Расеі па кантракце, загінуў пад Кіевам у званьні старшага сяржанта ў першыя дні вайны. Яўген ніколі раней ня ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях. Да вайны служыў у Расгвардыі – разганяў мітынгі ў Маскве, потым працаваў там жа кінолягам. Да студзеня гэтага году яго маці Натальля не цікавілася падзеямі ва Ўкраіне. Шукаць інфармацыю ў расейскіх СМІ яна пачала толькі пасьля таго, як зразумела, што яе сына адпраўляюць ваяваць. Хаця Натальля падтрымлівае дзеяньні расейскіх уладаў, яна лічыць тое, што адбываецца ва Ўкраіне, сапраўднай вайной, а не спэцаперацыяй. У інтэрвію DW яна расказала, што яе сын рабіў ва Ўкраіне, як загінуў і што цяпер ёй не шкада мірных жыхароў.

«Ён не ўсьведамляў, куды яго адпраўлялі»

— Ён спрабаваў трапіць на працу ў СІЗА, але яго не ўзялі. Вырашыў зьбіраць даведкі для працы ў паліцыі, а на гэты час уладкаваўся ў ахову. Праца яму не падабалася, і ён вырашыў паспрабаваць па кантракце.

Жэня служыў у Расгвардыі. Яму вельмі падабалася. Ён камандзірам аддзяленьня стаў. А яшчэ яны разганялі мітынгі. Ён езьдзіў на Красную плошчу, на Пушкінскую. У Калінінград ён таксама езьдзіў у камандзіроўку на тры месяцы. Яны там рыхтаваліся да мітынгаў.

«На вучэньні ў Смаленск»

— Гэта быў канец студзеня, прыкладна 25-26-га. Сын патэлефанаваў і сказаў, што іх адпраўляюць у Смаленск – на сумесныя зь Беларусьсю вучэньні. Я яму кажу: «Ты мне хлусіш, ці што? Якія яшчэ вучэньні?» Пашукала ў інтэрнэце. Сапраўды былі вучэньні з Беларусьсю, але цяпер іх няма. Я пачала капаць – і чым далей, тым больш я разумела, што ён едзе ва Ўкраіну. Я разумела, што там нейкая канкрэтная заварушка.

Я, вядома, яго адгаворвала. Казала, што, можа, ён вернецца, а можа і не. Ён адказваў: «Ды што ты прыдумляеш?». Ён цалкам не ўсьведамляў, куды яго адпраўлялі. Альбо ім так мазгі прамылі, што яны едуць на вучэньні, альбо ён ведаў, але ня думаў, што там такое месіва будзе. Мусіць, ніхто так ня думаў. Нават сам Пуцін. У іх, бачыце, нешта пайшло ня так.

Сказалі, што «загінуў у баі пад Растовам»

— У інтэрнэце я паглядзела, што нашыя 24 лютага ўзялі Гастомель, пасьля чаго туды пачалі адпраўляць усіх хлопцаў. А потым іх пачалі абстрэльваць з Кіева. Нашых хлопцаў узялі ў кола. А да іх ніхто на падмогу ня мог падляцець. Іх пачалі абстрэльваць і бамбілі суткі. Уявіце – аэрадром, чыстае поле.

А потым, ужо нібыта 25 лютага, нашы па-новаму ўзялі Гастомель, а 26 лютага знайшлі Жэню. Добра, што ён быў падпісаны. Ён жа паехаў з групай спэцназу. Хлопцы ня першы раз у такіх сытуацыях. У іх, відаць, такая асаблівасьць ёсьць – яны перад боем пішуць на жыватах адзін аднаму нумар часткі, прозьвішча і ініцыялы. Ён быў падпісаны, яго хутка апазналі.

Але мне паведамілі толькі 8 сакавіка. Патэлефанавалі зь ягонай часткі, сказалі, што сын загінуў у баі пад Растовам.

«У мяне ўжо няма жалю да мірных жыхароў»

— Цяпер я іх усіх ненавіджу. Хаця і кажуць, што мірныя жыхары тут ні пры чым. Але яны імі прыкрываюцца. Хто хацеў, зьехалі адтуль – іх папярэджвалі. Затое нашы хлопцы кладуцца там. У мяне ўжо няма жалю нават да мірных жыхароў. Я гляджу на твары гэтых маладзенькіх хлапчукоў, якія там загінулі, і ў мяне валасы дыбарам устаюць.

«Бамбануць трэба было, без варыянтаў»

— Я разумею гэта так, простымі словамі: калі б не бамбанулі мы, то ўкраінцы бамбанулі б па нас. Бамбануць-то, мусіць, трэба было. Тут без варыянтаў. Але нешта пайшло ня так. Вядома, ніхто не чакаў такога. А зараз, калі ўжо столькі хлопцаў палегла, то ўжо нельга спыняцца. Трэба ісьці далей. Да перамогі.

Я лічу, што мой сын ваяваў за нас, за Расею і рускіх. Каб мы маглі з вамі зараз па тэлефоне размаўляць, піць і есьці. Я думаю, ён загінуў не дарма там. А за нас! Каб мы жылі доўга і шчасьліва і каб у нас не было войны. Каб над намі ня лёталі бомбы.

Вайна ці спэцапэрацыя?

— Не, я не ўспрымаю гэта як спэцыяльную апэрацыю. Гэта самая сапраўдная вайна. Я разумею, што гэта нельга прызнаваць. Але гэта вайна. Там проста месіва.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG