Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На пэнсію ўзяла некалькі ўпаковак пампэрсаў — на гэтым усё». Як жыве маці з хворай ляжачай дачкой


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

У Беларусі павысілі цэны на прадукты. Падаражэлі і сродкі гігіены, і пампэрсы. Крызіс найперш б’е па ўразьлівых. Свабода паразмаўляла зь беларускай, якая мае паралізаваную дачку і выжывае на дзьве пэнсіі.

«Ці можа хворае дзіця ляжаць бяз пампэрсаў?»

Марына (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) атрымлівае пэнсію па ўзросьце — трохі больш за 300 рублёў. Яе дачка мае першую групу інваліднасьці і пэнсію каля 360 рублёў.

«Больш за ўсё мяне ўразілі новыя цэны на пампэрсы! Я раней брала ўпакоўку па 35 рублёў — і гэта ня самыя лепшыя, расейскія. Цяпер іх узяла па 60 рублёў. Разумею, што ад нейкіх сродкаў догляду — крэмы, пенкі — можна адмовіцца. Але ляжачае дзіця як будзе бяз пампэрсаў? На іх даюць кампэнсацыю — 444 рублі на 3 месяцы. Але гэтых грошай ніяк ня хопіць. Лепшыя пампэрсы, польскія, цяпер каштуюць 105–118 рублёў. Раней яны каштавалі каля 60–70. Такія я ўжо не магу сабе дазволіць ніяк», — тлумачыць беларуска.

Дачцэ трэба імпартныя супрацьсутаргавыя прэпараты. Пакуль яны ёсьць у аптэках, Марына атрымлівае іх па рэцэпце бясплатна.

«Іншыя імпартныя лекі, калі мне патрэбныя, трэба купляць за свае грошы. Бо рэцэпты — ці бясплатныя, ці са зьніжкай — даюць на беларускія прэпараты. Гэта што тычыцца, скажам, ад разладу страўніка, кішэчніка ці нешта такое», — кажа Марына.

«Некаторыя лекі, сродкі догляду перадавалі з Эўропы праз дальнабойнікаў»

Запас лекаў яна ня можа зрабіць, бо рэцэпты трэба скарыстаць за пэўны тэрмін.

«Калі лекі перастануць завозіць, гэта будзе проста катастрофа. Тым больш і ў першую чаргу для простых людзей. Бо багатыя знойдуць сабе спосаб купіць, дастаць. Мне вельмі дапамагаюць сябры, якія жывуць па ўсім сьвеце. У тым ліку ў эўрапейскіх краінах. Яны мне дастаюць лекі, якіх няма ў нас. Перадавалі звычайна праз дальнабойнікаў. Цяпер такая сытуацыя, калі фуры не прапускаюць часам на мяжы... Што будзе далей? Калі, напрыклад, спыніцца рух з эўрапейскімі краінамі? Я ня ведаю. Многіх рэчаў, скажам, па доглядзе, у нас проста няма. У нас няма такіх добрых, як у Нямеччыне, крэмаў ад пролежняў. Знаёмая з Украіны мелася перадаць акурат перад вайной адмысловую падушку для ног для дачкі, але не пасьпела», — кажа беларуска.

«Пра садавіну мы неяк ужо забыліся, сядзім на гарбузах, якімі сябры падзяліліся»

Марына кажа, што падаражэлі, хоць пакуль і нязначна, дзіцячыя кашы.

«Брала кашы па 1,65, цяпер яны каштуюць 2,65 рубля. Пра імпартныя, якія ўтрымліваюць высокую колькасьць пратэіну — адмысловыя такія кашы для хворых дзяцей, — я проста маўчу. Высокапратэінавае харчаваньне — вось зараз глянула: 11 рублёў за 200 грамаў! А яно патрэбнае, калі дзіця нешта ня есьць і губляе вагу. Патрэбная гародніна і садавіна, каб рэгуляваць працу кішэчніка. Ну хоць бы буракі і капусту набываем, бо яблыкі і апэльсіны нам няма за што браць. Нас надта выручылі сябры. Яны нарасьцілі шмат гарбузоў на лецішчы. І цяпер я раблю зь іх і кашы, і жэле, і варэньне — усё што заўгодна. Танна і карысна», — кажа Марына.

У краме, яна кажа, цэны скачуць кожны дзень.

«Хай сабе на 10 капеек, як пюрэ з садавіны, але даражэе. Перцы — па 17 рублёў, памідоры — ад 9 да 14. Бананы — 5 рублёў. Такія цяпер цэны. Мяне адно ратуе — сваякі, сябры. Хто грошы на картку закіне, хто прадуктамі дапаможа. Вельмі шмат дапамагаюць людзі. Я адна ніяк бы не прарвалася — з такімі пэнсіямі і цэнамі. Але зноў жа — што цяпер будзе зь пераводамі з-за мяжы? Мне сваячка з Расеі перасылала грошы раней, цяпер гэтыя грошы проста ў гарбуз ператвараюцца», — кажа беларуска.

Каб эканоміць, яна пачала шмат гатаваць адразу і замарожваць ежу на тыдзень. «Бо цэны скачуць. Сёньня купіш за 2 рублі нешта, скажам. Заўтра яно ўжо будзе 3 рублі. Закупіла макароны, круп. Яшчэ ніколі не было ў хаце столькі макароны. Цяпер на макароне выжываем таксама. Зварыў, тушонкі туды, і ядзім», — кажа Марына.

«Самае страшнае — нянавісьць сярод людзей, якая нікуды ня дзенецца»

Марына кажа, што вельмі абмежавала апошнім часам стасункі са знаёмымі і некаторымі сваякамі.

«Бо ня хочацца чуць нешта пра падтрымку вайны ці Пуціна. Гэта вельмі балюча — такое чуць ад сваякоў. Адно спадзяваньне — можа, людзі пачнуць уключаць мазгі? Людзі гінуць ва Ўкраіне — гэта моцна прыгнятае. Я праўду скажу: хай мая дачка застанецца бяз крэмаў і пампэрсаў — я вытрымаю ўсё, але каб толькі спынілася гэтая вайна! Як можа не прыгнятаць, калі над хатай лятаюць самалёты, і ты разумееш, што яны нясуць сьмерць?» — кажа Марына.

Яна заўважыла, што цяпер паміж людзьмі вельмі шмат нянавісьці.

«Сем’і разбураюцца праз гэта ўсё. Людзі ненавідзяць адзін аднаго. Вайна скончыцца рана ці позна, але гэтая нянавісьць куды дзенецца? Калі адны народы цкуюць іншых, нават у замежжы. Кідаюцца адзін на аднаго, без разбору. На расейскай размаўляеш? Акупант. Ніхто не глядзіць, не разьбіраецца. Самае страшнае — гэта нянавісьць, без разбору, адзін да аднаго. Гэта будзе, думаю, на доўгія гады. Бо сярод людзей ня надта граматных гэта культывуецца цяпер», — кажа Марына.

Яна спадзяецца, што хоць лекі, неабходныя для жыцьця дачкі, будуць у аптэках. «А так з дапамогай сяброў мы дамо рады ўсяму», — дадала беларуска.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG