Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мех цукру, шмат солі, запас запалак, скрыню гарэлкі». Беларуска расказвае, што і навошта трымалі ў сям’і «на чорны дзень»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мяркуючы па пустых паліцах у крамах, скупляюць цукар, соль, кансэрвы, крупы. Якія харчы і тавары раней лічыліся «стратэгічнымі», чым наагул запасаліся беларусы?

60-гадовая Надзея прыгадвае, што трымала на «чорны дзень» яе маці не ў такіх ужо і далёкіх васьмідзясятых-дзевяностых, а таксама тлумачыць, чаму яна ніколі нічым не запасаецца.

«Соль — гэта стратэгічны прадукт. На ўзроўні генэтычнай памяці ў пажылых людзей»

«У маёй маці заўсёды дома стаяў мех цукру, было ў запасе шмат пачкаў солі. Я была яшчэ маладая і не магла разумець, навошта. Маці, якая ў дзяцінстве, падчас вайны, зазнала голад, казала, што гэта найперш кансэрванты. І што соль і цукар у вялікай колькасьці заўсёды трымала ейная маці, мая бабуля, у вёсцы.

Ну з бабуляй у вёсцы ўсё зразумела: заколюць кабанчыка, а няма солі — што рабіць? Соль была патрэбна, каб квасіць капусту і гуркі — бабуля „закаткамі“ тады не займалася, у пограбе стаялі бочкі з салёнымі гуркамі, шаткаванай капустай з качанчыкамі, а таксама невялікая бочачка з мочанымі яблыкамі. Так што соль — гэта стратэгічны прадукт. На ўзроўні генэтычнай памяці ў пажылых людзей. Што да мяне, тут іншая праблема: скончыцца пачак солі, я заўсёды забываюся купіць.

Навошта маці былі запасы солі ў горадзе, я так і не зразумела, — кабанчыка ж ужо не было.

Заўсёды былі ў вялікай колькасьці ў доме запалкі. І нават калі ўжо зьявіліся запальнічкі, электрападпал для газавай пліты, а потым і электрапліта, мама заўсёды казала, што запас запалак таксама абавязкова павінен быць».

«Цукар у вёсцы трымаюць мяхамі, каб гнаць самагонку. А навошта ў горадзе мех цукру?»

«Навошта мая маці ў горадзе трымала мех цукру, я таксама не магу патлумачыць. Так, сочыва яна варыла, але ўсё ж не ў такой колькасьці, каб цукар скупляць мяхамі.

Прыгадваю сьмешную для мяне, падлетка, гісторыю, калі дэфіцытам былі мэталічныя накрыўкі для кансэрвацыі і слоікі. Пачынаўся новы „закатачны“ сэзон, а мы ня зьелі яшчэ леташніх запасаў. Слоікаў бракавала, і на пачатку лета мама прымушала нас усе кампоты, сочыва, гуркі-памідоры тэрмінова даядаць — трэба было вызваліць слоікі. Ня столькі шкада было саміх кансэрваў, якія прападалі, колькі шкада было працы і часу.

Калі я стала дарослай, у мяне з маці былі канфлікты — чаму ў мяне нічога няма, чаму я не трымаю запасаў таго ж цукру. Мае пярэчаньні, што цяпер сочыва мала хто ўжывае, што „скарміць“ яго каму-небудзь праблематычна, што цяпер па-іншаму захоўваюць ягады, замарожваюць, маці не ўспрымала і называла мяне кепскай гаспадыняй.

Ну калі ў вёсцы цукар трымаюць мяхамі, я яшчэ разумею — каб гнаць самагонку, якая заўсёды лічыцца „вадкім палівам“ ці „вадкай валютай“ — за каня з суседам разьлічыцца, за дровы. А навошта мех цукру ў горадзе? Рытарычнае пытаньне».

Пачатак 1990-х: гарэлка, масла, мука, крупы

«У 1990-х былі талёны на гарэлку, і маці заўсёды выкупляла, колькі належала, хоць яе не піла ўвогуле. Навошта тая гарэлка было ёй патрэбна, я дагэтуль не разумею, але ў яе стаяла цэлая батарэя пляшак. Некаторыя бутэлькі былі з накрыўкамі, якія ў народзе называлі „бесказыркамі“, яны няшчыльна закрывалі тыя пляшкі, і гарэлка папросту вытыхалася. Што стала з той скрыняй назапашанай гарэлкі, я нават ужо і ня памятаю.

Усе запасаліся і сьметанковым маслам — яго тады прадавалі пасьля працоўнага дня, а 18-й. Колькі давалі, столькі купляла, і ляжала яно ў маразілцы.

На пачатку 1990-х маці скупляла крупы, муку, макаронныя вырабы — у доме заўсёды быў стратэгічны запас. Хаця захоўваць іх было складана, часьцяком заводзіліся жучкі-павучкі. Я памятаю, як наша суседка абуралася, што давялося выкінуць шмат крупаў з чарвячкамі на сьметнік — у іх завялася харчовая моль.

Былі заўсёды ў запасе і бляшанкі мясной тушаніны, чамусьці пераважна зь ялавічыны. На чорны дзень. Ну, а некалькі бляшанак са шпротамі, пячонкай траскі ў лядоўні абавязкова захоўваліся на сьвяты, для гасьцей».

Адрэзы тканіны і пасьцельная бялізна

«Што да іншага, у маці было вельмі шмат так званых „адрэзаў“ — кавалкаў тканіны, матэрыі на сукенкі. З гэтых адрэзаў рэдка штосьці шылася, яны проста ляжалі ў шафе. Потым давялося іх раздаваць, але ніхто не хацеў і дарма браць.

Пасьцельнай бялізны і рушнікоў у маці таксама быў цэлы склад. Белыя накоўдранікі былі зь вельмі прыгожымі карункамі-вышыўкай. Яны былі новыя, у пастаянным ужытку такой раскошай карысталіся рэдка. А потым мода зьмянілася, зьявілася каляровая бялізна, у кветачкі і гарошак, і я аддала гэтыя стосы пасьцельнай бялізны ў вёску.

А яшчэ я памятаю пэрыяд у канцы 1980-х — пачатку 1990-х, калі скуплялі ўсё запар, каб проста не прапалі грошы. Жанчыны пажылога веку хадзілі па ГУМах-ЦУМах, і чакалі, што „выкінуць“ у продаж. Я потым доўга не магла пазбавіцца таго непатрэбнага барахла».

«На ўсё жыцьцё не запасесься»

«Што тычыцца 2000-х гадоў, я ня памятаю, каб мы чымсьці запасаліся, штосьці скуплялі. Здаецца, дэфіцыту тады ўжо не было. Хіба што бегалі па зьніжках і распродажах. Нарвесься на туалетную паперу ці алей на зьніжцы — бярэш некалькі ўпаковак пра запас. Ці спрацуе вядомы рэклямны трук: два па цане аднаго. Купіш што-небудзь, потым палічыш і прасьлязісься.

Навошта цяпер народ скупляе цукар, я таксама не зусім разумею. Хаця мае ўнукі ўсё ядуць і п’юць зь вялікай колькасьцю цукру: кашы, тваражок, гарбату, какаву. Ня будзе цукру — праз пару дзён прывыкнуць абыходзіцца безь яго. Тым больш што гэта не такі ўжо і карысны прадукт. Цукар, на маю думку, самая меншая праблема.

Мая суседка, дарэчы, нядаўна пачала запасацца кормам для жывёлаў. А яна заўсёды ў курсе, што можа стаць дэфіцытам. Учора гаварыла пра сродкі гігіены, пракладкі. А таксама пральны парашок. Верыць ці не — ня ведаю. Аднак я ніколі нічога не купляю ў запас. На ўсё жыцьцё не запасесься».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG