Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін даручыў пастаўляць газ у «недружалюбныя» краіны за рублі


Уладзімір Пуцін 23 сакавіка заявіў, што Расея перавядзе аплату паставак расейскага газу на экспарт у «недружалюбныя» краіны ў рублі.

Адпаведнае распараджэньне ён даў Цэнтральнаму банку і ўраду: тыя за тыдзень павінны вызначыць «парадак апэрацый па набыцьці рублёў на ўнутраным рынку РФ пакупнікамі газу», паведамляе Інтэрфакс.

Распараджэньне Пуціна азначае, што пакупнікі расейскага газу ў Эўропе (да «недружалюбных» расейскія ўлады аднесьлі ўсе краіны ЭЗ) павінны будуць для аплаты паставак набыць на расейскім рынку рублі (за валюту і, хутчэй за ўсё, па спэцыяльным курсе, які ўсталюе Цэнтральны банк) і ўжо рублямі аплаціць пастаўкі. Пуцін патлумачыў новаўвядзеньне тым, што «калектыўны Захад перакрэсьліў давер да сваіх валют», увёўшы санкцыі ў дачыненьні да Расеі за вайну ва Ўкраіне, і «Расеі пастаўляць тавары ў ЭЗ і атрымліваць тавары ў іх валюце ня мае сэнсу».

«Таму мною прынята рашэньне адмовіцца ад выкарыстаньня ў такіх разьліках усіх валютаў, якія скампрамэтавалі сябе», — заявіў Пуцін.

Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну многія краіны Захаду забаранілі ўвоз у РФ эўра і даляра, а таксама замарозілі расейскія рэзэрвы ў далярах і эўра. Таксама многія расейскія банкі, у тым ліку ВТБ, ВЭБ і Сбербанк, былі адключаныя ад сыстэмы міжнародных разьлікаў SWIFT, што ўскладніла разьлікі ў замежнай валюце. Праз гэта Расея апынулася ў сытуацыі катастрафічнага недахопу наяўнай валюты і была вымушана ўвесьці абмежаваньні на продаж валютнай выручкі экспартэрамі і на зьняцьцё наяўных даляраў і эўра з укладаў у расейскіх банках.

Як адрэагуюць на ідэю Пуціна з аплатай паставак газу ў рублях пакупнікі ў Эўропе — пакуль незразумела. Збольшага сытуацыю можа зьмякчыць тое, што ў многіх краінах ЭЗ «Газпром» працуе праз свае даччыныя кампаніі, якім будзе лёгка аплачваць пастаўкі ў расейскай валюце. Таксама многія краіны зараз рэалізуюць праграмы поўнай адмовы ад расейскіх нафты і газу — новыя захады могуць падштурхнуць іх паскорыць рэалізацыю гэтых праграмаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG