Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Савету Рэспублікі вывелі былога кіраўніка РНПЦ анкалёгіі, які крытыкаваў улады за каранавірус


Алег Суконка
Алег Суконка

Паўнамоцтвы сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага скліканьня Алега Суконкі датэрмінова спынілі з 3 сакавіка 2022 году. Такое рашэньне прыняў Савет Рэспублікі 15 сакавіка 2022 году.

Пастанову апублікавалі 22 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У рашэньні ўказалі як прычыну датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў пункт 1 часткі першай артыкулу 8 Закону Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 1998 г. No 196-З «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь»:

«у сувязі з выбраньнем або назначэньнем дэпутата Палаты прадстаўнікоў, сябра Савету Рэспублікі на пасаду, займаньне якой згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і гэтым Законам несумяшчальнае з выкананьнем паўнамоцтваў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савету Рэспублікі».


Алег Суконка пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі пазбавілі пасады дырэктара РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі ў пачатку 2020 году, нагадвае Reform.news.

Пазьней ён быў прызначаны адказным за працу з COVID-19 у Магілёўскай вобласьці. У лютым 2021-га ён выступіў з рэзкай крытыкай мэдыцынскіх уладаў і заклікаў ня ўтойваць статыстыку па каранавірусе. У чэрвені 2021 году Лукашэнка пазбавіў Суконку дзяржаўнай прэміі за 2020 год.

18 лютага 2022 году ў газэце «Ўзвышша» Дзяржынскага раёну зьявіўся артыкул з асуджэньнем Алега Суконкі. У ёй гаварылася аб выніках збору дэпутацкага корпусу Менскай вобласьці ў Барысаве. Адной з тэмаў абмеркаваньня стала праца дэпутата Суконкі:

«На працягу апошніх трох гадоў выбарнікі Дзяржынскага раёну (а іх больш за 55 тысяч) практычна не былі прадстаўленыя ў вышэйшым органе народаўладзьдзя — Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Мы са шкадаваньнем канстатуем, што пэўныя абавязкі ў працы з насельніцтвам і дэпутацкім корпусам раёну з боку Алега Суконкі не выконваліся», — гаварылася ў артыкуле.

Нібыта не праводзіліся «прыёмы грамадзян і прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі, дэпутатамі раёну першаснага і базавага ўзроўню, не адзначаўся ўдзел у рабоце органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня, адсутнічалі запыты, звароты і прапановы ў мясцовыя органы ўлады аб праблемах насельніцтва».

Аўтар артыкула сьцьвярджаў, што нібыта Алег Суконка «цалкам страціў сувязь з насельніцтвам і дэпутацкім корпусам Дзяржынскага раёну, вынікам чаго зьявілася ініцыятыва аб яго адкліканьні як сябра Савету Рэспублікі». Але Алега Суконку пазбавілі статусу зь іншай прычыны.

Лекары РНПЦ анкалёгіі былі сярод тых, хто актыўна пратэставаў супраць гвалту ў Беларусі ў 2020 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG