У інтэрвію Алег Суконка кажа, што:
- «трэба даваць нармальную, правільную, шчырую статыстыку па каранавірусе і зь яе зыходзіць», але сапраўднай статыстыкі «ні вы, ні я ня ведаем»;
- пытаньне сумнеўнай статыстыкі распаўсюду COVID-19 ён ня проста «падымаў у вярхах», а «наехаў на цяперашняга і папярэдняга міністраў аховы здароўя»;
- пытаў міністраў, чаму не было канфэрэнцыі па выніках першай хвалі каранавірусу і чаму зь яе не зрабілі высноваў;
- дакладваў Натальлі Качанавай, што для хворых на COVID-19 павінны быць спэцыяльныя інфэкцыйныя клінікі, а лекаваць такіх хворых у лякарнях агульнага профілю — «некваліфікавана»;
- каранавірус — «штучная рэч, створаная за мяжой».
На заяву журналіста аб тым, што ён як «сэнатар» можа агучыць гэта на Ўсебеларускім сходзе, Суконка перапытаў: «А ці варта?». Адкрытым лістом беларускіх лекараў ён не цікавіўся — «як сэнатар нават ня ўмешваўся, сядзеў ціха».
З мэдыцыны, заявіў Суконка, ён сышоў ня проста так — «эвакуавалі і пастараліся, каб мяне нідзе больш не было». З былым міністрам аховы здароўя Ўладзімерам Каранікам у яго «асабістая непрыязнасьць, прычым сур’ёзная», бо «ён рэдкі дэмагог». Калі Каранік заняў пасаду міністра, яго, Суконку, як сам ён кажа, «выкінулі бяз права працаўладкаваньня».