Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: у выніку пажараў у чарнобыльскай зоне вясной можа выгарэць увесь радыяцыйна забруджаны лес


Чарнобыльская АЭС, 25 лютага 2022 году
Чарнобыльская АЭС, 25 лютага 2022 году

Пажары ў заходняй і цэнтральнай частках зоны адчужэньня ўжо прывялі да зьмены радыяцыйнага фону.

Дзяржаўная інспэкцыя ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны заявіла аб высокай імавернасьці маштабных пажараў у зоне адчужэньня і за яе межамі праз адсутнасьць магчымасьці праводзіць супрацьпажарныя захады і распаўсюджаньне ачагоў узгараньня ў пэрыяд з 11 па 18 сакавіка.

«Існуе імавернасьць, што ў вясеньне-летні пэрыяд інтэнсіўнасьці лясных пажараў у зоне адчужэньня могуць дасягнуць максымальна магчымых межаў, што выклікае пры адсутнасьці якіх-небудзь супрацьпажарных захадаў практычна поўнае выгараньне радыеактыўных лясоў у зоне адчужэньня і, адпаведна, да істотнага пагаршэньня радыяцыйнага стану ва Ўкраіне і ва ўсёй Эўропе», — адзначылі ў інспэкцыі.

Паводле інфармацыі інспэкцыі, пажары, якія назіраліся з 11 да 18 сакавіка ў заходняй і цэнтральнай частках зоны адчужэньня ўжо прывялі да зьмены радыяцыйнага фону.

Чарнобыльская АЭС была захопленая расейскімі войскамі 24 лютага; 6 лютага расейскія захопнікі ўзялі пад кантроль Запароскую АЭС.

Ва ўрадзе Ўкраіны заявілі, што «дзеяньні баевікоў Расеі на ядзерных аб’ектах Украіны пагражаюць экалягічнай трагедыяй усёй Эўропы».

У інспэкцыі спаслаліся на справаздачу Цэнтру прагназаваньня наступстваў радыяцыйных аварый Украінскага гідраметцэнтру, які працягвае ажыцьцяўляць маніторынг у зонах назіраньня Чарнобыльскай АЭС.

Згодна са справаздачай, з 11 да 18 сакавіка пажары ў зоне адчужэньня адбываліся паблізу 9 адселеных пунктаў — Палескае (Поліське — укр.), Бабёр (Бобер), Сьцячанка (Стечанка), Пухавое (Пухове), Каралеўка (Королівка), Катоўскае (Котовське), Рудня-Гразьлянская (Рудня-Грезлянська), Тарасы (Тараси), Хрысьцінаўка (Христинівка).

Паводле папярэдніх зьвестак, сумарная плошча пажараў у зоне адчужэньня і каля яе межаў 11 сакавіка склала 13,8 кв. км, 16 сакавіка — 7,3 кв. км, 17 сакавіка — 5,0 кв. км, 18 сакавіка — 8,1 кв. км

Найбольшыя па плошчы пажары зафіксаваныя каля Бабра — 8,5 кв. км, паблізу Пухавага — 3,8 кв. км, паблізу Рудні-Гразьлянскай — 5 кв. км і Хрысьцінаўкі — 4.9 кв. км.

16 сакавіка радыеактыўнае забруджаньне паветра адзначалася ў паўночна-заходняй частцы Ўкраіны і на тэрыторыі Беларусі з далейшым пераносам прадуктаў гарэньня ў напрамку Балтыйскага мора. У іншыя дні радыеактыўныя прадукты гарэньня маглі дасягаць цэнтральных і паўднёвых абласьцей Украіны, а далей — у напрамку Малдовы, Румыніі і акваторыі Чорнага мора.

Спэцыялісты папярэджваюць, што ў выпадку далейшага распаўсюджаньня пажараў радыяцыйны стан можа пагоршыцца, бо ў зоне адчужэньня не працуе аўтаматызаваная сыстэма кантролю радыяцыйнага стану, а пажарныя службы ня могуць выяжджаць на тушэньне пажараў праз захоп гэтай тэрыторыі расейскімі войскамі.

Спэцыялісты таксама падкрэсьлілі, што цяперашнія лясныя пажары ў зоне адчужэньня — нетыповыя для гэтага пэрыяду году, таму ў выпадку іхнага далейшага распаўсюджаньня плошчы і маштабы могуць дасягнуць максымальных паказьнікаў.

Раней аб пачатку пажараў у зоне адчужэньня са спасылкай на зьвесткі міжнароднай сыстэмы NASA FIRMS паведамляла Дзяржаўнае спэцыялізаванае прадпрыемства «Екоцентр», якое ажыцьцяўляе радыяцыйны маніторынг у зоне адчужэньня.

13 сакавіка ўкраінскае дзяржаўнае спэцыялізаванае прадпрыемства «Екоцентр», якое ажыцьцяўляе радыяцыйны маніторынг у зоне адчужэньня, са спасылкай на зьвесткі сыстэмы NASA FIRMS, паведаміла аб чатырох пажарах, плошча якіх з кожным днём павялічваецца.

У прыватнасьці, пажары фіксаваліся каля ўкраінскіх паселішчаў Палескае, Бабёр, Сьцячанка, а таксама ў раёне населеных пунктаў Рудня-Верасьня Кіеўскай вобласьці, якія знаходзяцца ў 30-кілямэтровай зоне ад мяжы зь Беларусьсю.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG