У Маскве забіў сябе матэматык з Данецку Канстанцін Альмезаў, які ня змог выехаць ва Ўкраіну праз арышт на 15 сутак. Яго арыштоўвалі за антываенны пратэст. Пра гэта расказаў адвакат Дзьмітрый Захватаў у сваім тэлеграм-канале.
Альмезаў прыехаў у Расею ў 2018 годзе і паступіў у Маскоўскі фізыка-тэхнічны інстытут (МФТІ), пісаў дысэртацыю. Навуковец казаў, што пасьля пачатку вайны 24 лютага хацеў паехаць «абараняць сваю краіну», аднак яго затрымалі і адправілі пад арышт.
Пасьля вызваленьня ён атрымаў запрашэньне на навучаньне ў адным з унівэрсытэтаў Аўстрыі і купіў білет на самалёт у Турэччыну, каб вылецець з Расеі, дадаў адвакат. Альмезава не пусьціў на самалёт памежны кантроль.
«І вось толькі што я атрымаў вестку аб тым, што раніцай ён скончыў жыцьцё самагубствам, пакінуўшы перадсьмяротную цыдулку, што пакідае жыцьцё таму, што ня можа вынесьці жаху таго, што адбываецца», — напісаў Захватаў.
15 сакавіка, ужо ў час вайны, Альмезаў стварыў тэлеграм-канал, дзе публікаваў уласныя вершы на расейскай мове. Апошні верш ён апублікаваў 20 сакавіка акурат пра вайну і свае перажываньні. А перад вершам зьмясьціў прадмову, у якой разьвітваўся.