Кіраўнік украінскай чыгункі: Дзякуючы сумленным беларускім чыгуначнікам, зносін паміж Украінай і Беларусьсю цяпер няма

Мост праз Прыпяць каля вёскі Пціч, Гомельская вобласьць, , красавік 2021 году
Мост праз Прыпяць каля вёскі Пціч, Гомельская вобласьць, , красавік 2021 году

Кіраўнік Украінскай чыгункі Аляксандр Камышын у эфіры «Настоящего времени» заявіў, што чыгуначныя зносіны паміж Украінай і Беларусьсю адсутнічаюць.

Пра гэта інфармуе BPN.

«Я нядаўна зьвяртаўся з заклікам да беларускіх чыгуначнікаў не выконваць злачынныя загады і ня везьці расейскія вайсковыя эшалёны ў бок Украіны, — сказаў Аляксандр Камышын. — На сёньняшні дзень я магу сказаць, што чыгуначных зносін паміж Украінай і Беларусьсю няма. Я не буду ўдакладняць дэталі, але я ўдзячны беларускім чыгуначнікам за тое, што яны робяць».

На пытаньне журналісткі, зь якога моманту няма зносін, Камышын заявіў, што ня будзе ўдакладняць гэтую дэталь.

Разам з тым Аляксандр Камышын пацьвердзіў, што зносін няма, бо каляіны знаходзяцца «ў непрыдатным стане».

«Я веру, што сярод беларусаў — асабліва сярод беларускіх чыгуначнікаў — яшчэ засталіся сумленныя людзі. Я не хацеў бы іх падстаўляць, — сказаў кіраўнік праўленьня Украінскай чыгункі. — Я ўдзячны за тое, што адбываецца на сёньняшні дзень у асяродзьдзі чыгуначнікаў Беларусі. Я ўпэўнены, што сумленныя людзі ў гэтай арганізацыі здолеюць спыніць працу чыгункі Беларусі ў кірунку перавозак вайсковых эшалёнаў у бок Украіны».

На ўдакладненьне журналісткі, ці азначае гэта, што расейская тэхніка па чыгунцы з боку Беларусі цяпер не пройдзе, Камышын адказаў сьцьвярджальна.

​
XS
SM
MD
LG