Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН пацьвердзілі факты сэксуальнага гвалтаваньня затрыманых у 2020 годзе пратэстоўцаў у Беларусі


Пратэсты ў Беларусі 16 жніўня 2020 году
Пратэсты ў Беларусі 16 жніўня 2020 году

Таксама ў ААН пацьвердзілі шматлікія факты зьбіцьця і псыхалягічнага гвалту ў адносінах да затрыманых.

Гэта адбылося на 49-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека ў часе разгляду справаздачы аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году.

«Мы знайшлі выпадкі гвалтаваньня затрыманых, а таксама іншыя формы сэксуальнага і гэндэрнага гвалту ў дачыненьні да мужчын і жанчын. Мэдычныя запісы, якія мы вывучылі, сьведчаць аб пашкоджаньнях і іншых траўмах мужчынскіх палавых органаў, якія адпавядаюць гвалтоўнаму выкручваньню і згвалтаваньню. У дачыненьні да затрыманых таксама ўжываўся псыхалягічны гвалт, у тым ліку пагрозы згвалтаваньня», — заявіла вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлетз, прадстаўляючы справаздачу.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека дадала, што пры падтрымцы і кансультацыях з трыма экспэртамі Ўпраўленьне ААН па правах чалавека знайшло значныя доказы парушэньняў правоў чалавека, учыненых уладамі Беларусі ў пэрыяд з 1 мая 2020 году па 31 сьнежня 2021 году.

«Мы таксама арганізавалі і захавалі вялікую колькасьць адпаведных матэрыялаў, каб палегчыць у будучым прыцягненьне да адказнасьці», — падкрэсьліла яна.

Паводле яе, улады Беларусі празьмерна прымянілі сілу ў дачыненьні да ўдзельнікаў масавых пратэстаў. У першыя пяць дзён пасьля выбараў арыштавалі 13,5 тысяч асобаў, у тым ліку 700 непаўнагадовых.

«Шмат іх цярпелі працяглае і неаднаразовае зьбіцьцё ў часе транспартаваньня, а таксама ў пастарунках і ізалятарах. Гэта паўтаралася ў шматлікіх месцах, што сьведчыць аб шырока распаўсюджанай сыстэматычнай практыцы катаваньняў і жорсткага абыходжаньня з мэтай пакараньня і стрыманьня асоб за іх пазыцыю, адрозную ад урадавай», — адзначыла Мішэль Бачэлетз.

Сярод парушэньняў правоў чалавека ў справаздачы таксама назвалі правядзеньне закрытых судовых працэсаў без выкананьня элемэнтарных працэсуальных гарантый.

«Да канца 2021 году 969 чалавек знаходзіліся ў турме паводле абвінавачаньняў, якія абгрунтавана можна лічыць палітычна матываванымі. Цяпер у вязьніцах паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў знаходзіцца 1 085 асобаў, у тым ліку праваабаронцы, журналісты, апазыцыянэры і простыя грамадзяне, якія выказваюць нязгоду», — удакладніла вярхоўны камісар ААН па правах чалавека.

Мішэль Бачэлетз заклікала ўладу Беларусі спыніць палітычны перасьлед апанэнтаў, правесьці незалежнае насьледаваньне ўсіх фактаў парушэньня правоў чалавека, забясьпечыць выкананьне міжнароднага права і гарантаваць магчымасьць прававой абароны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG