Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыходзяць ад КДБ устаноўкі, як і што рабіць». Выкладчыцы, якіх звольнілі за палітыку, расказваюць пра падзеі ў ВНУ


Пратэст студэнтаў і выкладчыкаў Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Менск, 2020 год
Пратэст студэнтаў і выкладчыкаў Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Менск, 2020 год

Дзьве выкладчыцы трапілі ў хвалю звальненьняў, якая накрыла беларускія ВНУ ў сьнежні 2021-га. Пагаварылі зь імі пра тое, што робіцца ва ўнівэрсытэтах.

«Рэктар гаварыў, што мы ўсе дрэнна працуем у ідэалягічным пляне»

Натальля (імя зьмянілі на просьбу суразмоўцы) шмат гадоў працавала выкладчыцай гуманітарнай дысцыпліны ў адным зь менскіх ВНУ. Жанчына кажа, што дзесьці ў пачатку чэрвеня 2020-га пачаліся размовы на ідэалягічныя тэмы.

«На паседжаньне катэдры прыходзіў рэктар, казаў, што мы ўсе дрэнна працуем у ідэалягічным пляне. Мяне вельмі зьдзівіла, што ён зь нейкімі раздрукоўкамі з інтэрнэту расказваў пра студэнтку іншага ВНУ, якая нешта ў сацыяльных сетках разьмяшчала наконт ковіду, што студэнты выступаюць за дыстанцыйнае навучаньне. Ён пра гэта гаварыў як пра нейкую дывэрсійную дзейнасьць, якой нам трэба супрацьстаяць».

Пратэст студэнтаў БДУ, 2020 год
Пратэст студэнтаў БДУ, 2020 год

Увосень 2020-га, калі пачалі масава затрымліваць студэнтаў, Натальля разам з калегамі падпісала пэтыцыю супраць іх адлічэньня. Потым выйшла відэа, у якім зьняліся выкладчыкі і студэнты, на што кіраўніцтва адрэагавала вымовамі ўдзельнікам.

«Нас пазбавілі нейкіх выплат на пару месяцаў», — кажа Натальля і дадае, што тады атмасфэра ва ўнівэрсытэце была вельмі нэрвовая. А яе саму неўзабаве пазбавілі куратарскай працы.

Загадчык катэдры таксама сказаў Натальлі, што яна ў «чорным сьпісе».

«Мы зь ім добра камунікавалі, і я неяк спыталася, калі мяне ўжо звольняць. Ён адказаў: «Ніхто цябе ня звольніць, калі на Акрэсьціна ня трапіш». На гэтым усё скончылася. Але потым пашлі чуткі, што прыходзяць сьпісы на звальненьне. У сьнежні ён мяне выклікаў і размова была вельмі непрыемнай. Раней у нас не было фармальна такой субардынацыі, мы па-сяброўску размаўлялі, а тут мне было сказана: «Альбо ты пішаш сама, альбо будуць звальняць паводле артыкулу».

Падумаўшы, Натальля звольнілася сама.

«Звычайная справа перад кожнай электаральнай кампаніяй — разагнаць студэнтаў па дамах»

Натальля апавядае і пра ранейшыя выпадкі, зьвязаныя з палітыкай, ва ўнівэрсытэце.

«Звычайная справа перад кожнай электаральнай кампаніяй, нават узроўню мясцовых выбараў, — разагнаць студэнтаў па дамах, пачынаючы зь серады. Прагаласуй датэрмінова — і ўсё, едзь дахаты. А гэтым, зразумела, карысталіся ўсе, таму перад днём галасаваньня, зь серады да аўторка наступнага тыдня, часткі заняткаў не было. Хаця варта дадаць, што гэта залежала ад факультэтаў. Але гэта заўсёды было неафіцыйна, ніякіх загадаў афіцыйных не рабілі. Пару разоў я высьвятляла ў адміністрацыі, чаму няма студэнтаў на парах і дзе дакумэнты. Але мне на гэта заўжды адказвалі, што ніякіх дакумэнтаў няма».

Пратэст студэнтаў БДУ, Менск, 2020
Пратэст студэнтаў БДУ, Менск, 2020

Таксама, кажа Натальля, адміністрацыя рэгулярна папярэджвае студэнтаў пра ўдзел у розных мітынгах ці мерапрыемствах.

«Памятаю, на мой занятак неяк прыходзіла прадстаўніца адміністрацыі аднаго з факультэтаў, гэта было напярэдадні 100-годзьдзя БНР. І расказвала, што студэнтам нельга ісьці туды. Я зь ёй спрачалася, сказала, што мерапрыемства дазволенае, у чым справа? Яна толькі паўтарала: „Нельга ісьці, едзьце дахаты, ня лезьце нікуды“».

«Асьцярожнасьць цягне за сабой большую самацэнзуру»

За пэрыяд рэпрэсій у краіне закрылі шмат міжнародных праграм, якімі карысталіся студэнты, кажа Натальля.

«Гуманітарная адукацыя пад вялікай пагрозай. Прастора свабоды думак звужаецца, хаця гэта залежыць шмат у чым ад самога выкладчыка. Мы неяк з калегамі размаўлялі, што, каб штосьці зьмянілася ў 2020-м, то тое, што я выкладала ўсе гэтыя гады і гаварыла студэнтам, яно б не зьмянілася. Я ніколі сябе не цэнзуравала. Звальняюць тых выкладчыкаў, якія выказваюць іншыя думкі. І, гледзячы на гэтыя звальненьні, на гэтыя рэпрэсіі, тыя, хто застаюцца ў сыстэме адукацыі, будуць больш асьцярожныя, будуць пазьбягаць актуальных, канфліктных тэмаў. А гэтая асьцярожнасьць цягне за сабой большую самацэнзуру. Гэта ізаляцыя і дэградацыя сыстэмы адукацыі. Я ня думаю, што будзе нешта добрае».

Натальля кажа, што пакуль яшчэ не вырашыла, ці хоча заставацца ў сфэры адукацыі.

«Я толькі некалькі месяцаў беспрацоўная. Ёсьць некаторыя праекты, у якіх я ўдзельнічаю. Мае былыя кіраўнікі паабяцалі даць найлепшую характарыстыку, бо ніколі ня мелі да мяне ніякіх прэтэнзій у пляне працы. Увогуле цяпер я хутчэй у такім стане абдумваньня свайго жыцьця».

«Нам парэкамэндавалі напісаць заявы па сваім жаданьні, бо інакш забяруць на суткі»

Алена (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы), былая выкладчыца БНТУ, у 2020-м удзельнічала ў відэазвароце, дзе выкладчыкі і студэнты асудзілі гвалт супраць мірных пратэстоўцаў.

«Пасьля гэтага выкладчыкі атрымалі вымовы, а студэнтаў выкінулі. У каго з выкладчыкаў заканчваліся кантракты ці хто трапіў на суткі, тых пасьля таксама выкінулі, а іншых патрымалі яшчэ трохі. У лістападзе летась ужо пашлі чуткі, што нас да новага году звольняць. Так і атрымалася. На нарадзе нам парэкамэндавалі напісаць заявы па сваім жаданьні, бо інакш забяруць на „суткі“ і ўсё адно потым звольняць. У вочы нам гэтага не казалі, але былі прыклады раней у іншых месцах. Таму я вырашыла звольніцца сама».

Алена прызнаецца, што яна і іншыя выкладчыкі, якія ўдзельнічалі ў відэазвароце, адразу разумелі ўсе наступствы, таму рыхтаваліся да звальненьня яшчэ летась.

«Абсалютная большасьць студэнтаў супраць таго, што ў нас цяпер робіцца ў краіне. І толькі два студэнты з усіх, каго я ведала, займалі праўладную пазыцыю. Вялікая падтрымка на катэдры была, нас абаранялі калегі, выступалі як адвакаты. Калі ў 2020-м ад рэктарата прыйшлі патрабаваньні, каб нас выкінулі адразу пасьля гэтага відэазвароту, загадчык сказаў: „Не, яны застаюцца, у іх кантракты, яны нічога дрэннага ня робяць“. Таксама ведаю, што на іншых катэдрах выкладчыкі адмовіліся браць гадзіны тых, каго звольнілі».

«Прыходзяць ад КДБ устаноўкі, як і што рабіць»

Алену і іншых звольненых выкладчыкаў адразу папярэдзілі, што яны ў так званых «чорных сьпісах».

«Нам сказалі, што мы ня зможам працаваць у дзяржаўных месцах. Але адразу, калі стала вядома, што нас звальняюць, зьявіліся прапановы ад міжнародных унівэрсытэтаў. Я думаю, што ня ўсё атрымаецца праз тое, што ва Ўкраіне цяпер; невядома, што будзе далей. Некаторыя прапановы былі ўвогуле з самой Украіны. Усё рэзка зьмянілася, таму паглядзім. Цяпер думак пра ўкраінцаў больш, чым пра сябе».

Выкладчыца кажа, што пакуль яе грашамі падтрымліваюць сябры, калегі і родныя. Таксама Алена спадзяецца, што будуць гранты на навуковую дзейнасьць.

На думку Алены, з БНТУ выключылі больш студэнтаў, чым з астатніх унівэраў.

«Дзьве студэнткі нашыя атрымалі па 2,5 года, астатнія „суткі“ сядзелі ў адміністрацыйках. З выкладчыкамі было мякчэй, мы нічога, акрамя вымовы, не атрымалі. У канцы 2020-га ў нас забралі прэміі, але адначасова нас з боку прафсаюзу падтрымлівалі, таму мы ў мінусе не апынуліся. Нам было ня так цяжка, як студэнтам. Калі я сыходзіла, у мяне было адчуваньне, што гэта нават лепш, чым тое, што будзе зараз у тых, хто застаецца, асабліва хто гуманітарныя курсы чытае. Прыходзяць ад КДБ устаноўкі, як і што рабіць, на якія тэмы і як гаварыць, з патрабаваньнямі, як ідэалягічна падыходзіць. Такая цэнзура. Тым, хто застаўся, цяпер нясоладка».

«Мы пачнём падымацца са дна»

Цяпер вышэйшай адукацыі неабходна аўтаномія структуры ўнівэрсытэту ад улады, самаарганізацыя і свабода для студэнтаў, лічыць Алена.

«Трэба, каб студэнты самі выбіралі сабе факультатыўныя курсы, а ня як гэта цяпер адбываецца: варыянты ёсьць, але ўсё роўна ўсё прыходзіць зьверху і выбару няма. І студэнты ніяк ня могуць супрацьстаяць. Прафсаюзы ня могуць дапамагчы ні выкладчыкам, ні студэнтам. Усё, што робяць, гэта перад сьвятамі якія-небудзь сумы выплачваюць ды адпачынак у санаторыі даюць. Трэба, каб унівэрсытэт самастойна працаваў, каб выбіралі рэктара і іншых асобаў у структуры ўнівэрсытэту, каб было меней гадзін на курсы і больш на навуковую дзейнасьць».

Важна, каб у выкладчыкаў было больш магчымасьцяў і грошай, дадае Алена.

«Ня ведаю, як цяпер, але ў апошнія гады заўсёды адсочвала, што нашыя заробкі — адны з самых малых у краіне. На апошнім месцы сацыяльныя работнікі, а мы час ад часу мяняліся з мэдыкамі. Трэба, каб ва ўнівэрсытэтах былі іншыя сумы, бо цяпер гэта і беднасьць, і неразьвіцьцё, і закрытасьць».

Выкладчыца кажа, што вельмі важна наладзіць камунікацыю паміж унівэрсытэтамі і навуковымі цэнтрамі з розных краінаў сьвету.

«Гэтага цяпер няма. Мы ж і так самыя апошнія ў гэты Балёнскі працэс уключыліся, але ў нас гэта ўсё фіктыўна праходзіла. Вось, на мой погляд, тры галоўныя пункты: свабода ўнівэрсытэту, самаарганізацыя і рэальныя грошы. Але я ня думаю, што гэта магчыма пры аўтарытарным рэжыме. Калі скончыцца крызіс, будуць зьмены, мы пачнём падымацца са дна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG