Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хацела мець дыплём з подпісамі гэтых людзей». Гісторыі студэнтак, якія пакінулі ВНУ, бо не зьмірыліся з рэпрэсіямі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота: пратэст студэнтаў БДУ, кастрычнік 2020 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота: пратэст студэнтаў БДУ, кастрычнік 2020 году

Пагутарылі са студэнткамі, якія самі пакінулі беларускія ўнівэрсытэты, пра рэпрэсіі ў ВНУ, сыстэму адукацыі і што ў ёй варта зьмяніць.

«Дэкан дапытвала, ці не зьбіраемся мы арганізоўваць акцыю ў сьценах унівэру»

Кацярына вучылася на эканамічным факультэце БДУ. Дзяўчына думала забраць дакумэнты яшчэ ў верасьні 2020-га, але канчатковае рашэньне прыняла празь месяц.

«Было вельмі цяжка вяртацца да навукі пасьля ўсіх падзеяў, якія адбыліся ўлетку. Я была незалежнай назіральніцай падчас прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама зьбірала подпісы за адкліканьне дэпутатаў. Жыла зь нядзелі да нядзелі, а ў верасьні выходзіла яшчэ і вечарамі, калі зьбіраліся ля Чырвонага касьцёла. Першага верасьня, калі быў марш студэнтаў у падтрымку страйку, з майго факультэту ніхто не хацеў удзельнічаць, акрамя майго калегі. Мы прыйшлі падтрымаць дзяўчат зь філфаку. Там нас заўважыла дэкан нашага факультэту, запрасіла пагутарыць».

Дзяўчына кажа, што дэкан не пагражала студэнтам, але рабіла заўвагі, што палітыку трэба пакідаць за межамі ўнівэрсытэту.

«Яна яшчэ спытала, ці будзем мы сёньня на занятках, мы адказалі, што так, але выйшлі з кабінэту і пайшлі на марш. Празь некалькі дзён дэкан пачала тэлефанаваць мне на мабільны, папрасіла зайсьці да яе. Яна дапытвала, ці не зьбіраемся мы арганізоўваць нейкую акцыю ў сьценах унівэру (тады ўсе рабілі фота ў белых і чырвоных кашулях у розных ВНУ), прасіла, каб мы гэтага не рабілі, ставячы ў прыклад, як прадстаўнікі праваахоўных органаў прыйшлі і забралі студэнтаў МДЛУ проста ва ўнівэрсытэце. І што калі так здарыцца, то адзінае, што яна зможа зрабіць, гэта „насіць перадачкі на Акрэсьціна“».

Тады Кацярына даведалася аб праграме Каліноўскага і пачала думаць аб сыходзе, бо разумела, што ня зможа працягваць там вучыцца. Дзяўчына кажа, што больш за ўсё ёй не падабалася, што ўсе рабілі выгляд, быццам у краіне нічога не адбываецца.

«Ніхто нават не спрабаваў узьняць гэтую тэму. Памятаю, як арганізавалі заняткі па гісторыі Беларусі, і нават тады дэкан сама пэрсанальна пільнавала, каб ніхто не рабіў здымкаў бел-чырвона-белага сьцяга, калі той паказаны на слайдах. Быў відавочны страх у прадстаўнікоў адміністрацыі, але не за студэнтаў, а за сваё месца».

Кацярына заўважае, што на яе факультэце парушэньняў правоў студэнтаў асабліва не было.

«Але на філялягічным, які знаходзіцца ў адным з намі будынку, першага верасьня, калі мы прыйшлі падтрымаць дзяўчат, якія пісалі вершы крэйдай на зямлі ва ўнутраным дворыку, хтосьці з адміністрацыі патэлефанаваў, каб па іх прыехалі. Кагосьці нават затрымалі, я пра гэта даведалася ўжо пазьней, з чату».

Дзяўчына кажа, што адчувала ціск праз палітыку на сваім факультэце, калі дэкан яе выклікала пагутарыць.

«Яна яшчэ насьміхалася і гаварыла: „Ну хіба гэта ціск, што я вас запрашаю да сябе проста пагутарыць?“. Простая гутарка, ага. Быў яшчэ выпадак, калі я прыйшла пісаць заяву аб адлічэньні, а яна з усьмешкай кажа: „Вось, глядзіце, зь якім пратэстам да мяне прыйшлі“. Яна паказала мне пэтыцыю групы студэнтаў, у якой хлопцы і дзяўчаты тлумачылі, чаму іх не было на занятках, што яны падтрымліваюць забастоўку, каб вызваліць палітвязьняў».

Пратэст студэнтаў у Менску, верасень 2020 году
Пратэст студэнтаў у Менску, верасень 2020 году

Кацярына зазначае, што на яе факультэце было мала студэнтаў, гатовых да нейкіх дзеяньняў.

«Калі я ім расказвала, што мяне выклікаюць да дэкана і пра што яна там мне гаворыць, то яны, вядома, абураліся, але ніякіх дзеяньняў не было. З аднаго боку, я разумею: ня ўсе гатовыя прысьвяціць барацьбе столькі сваіх сілаў і часу; у кожнага ёсьць бацькі, якія баяцца за сваіх дзяцей, і наадварот. З другога боку, я не магу зразумець, як можна спакойна жыць, вучыцца і бавіць час, калі бачыш, што робіцца побач».

Што цяпер адбываецца на былым факультэце, Кацярына ня ведае, але кажа, што актыўнасьці пакуль не відаць.

Дзяўчына дадае, што бацькі падтрымалі яе рашэньне пакінуць БДУ.

«Асабліва падтрымаў тата, але ў тым сэнсе, што я выеду з краіны і мяне не пасадзяць. Ён ужо даўно прапаноўваў мне сыходзіць, бо і так невядома, за што грошы плацім. Некаторым сябрам я не казала да апошняга, пакуль не забрала дакумэнты. Яны вельмі зьдзівіліся і засмуціліся. Але таксама, безумоўна, разумелі мой учынак, бо бачылі, як мне цяжка ўсё гэта трываць і ведалі, што я так больш не змагу».

Сёлета Кацярына мелася скончыць унівэрсытэт, атрымаць дыплём, але давялося пачынаць навучаньне спачатку. Ад гэтага, кажа дзяўчына, яна часам шкадуе аб сыходзе.

«Маім аднагрупнікам па 17-19 гадоў, а мне 22. Трохі адчуваю сябе старой і бывае вельмі цяжка гэта прымаць. Быццам у іх усё жыцьцё наперадзе, а ў мяне ўжо тэрмін прыдатнасьці скончыўся, — усьміхаецца Кацярына.

Вось што, на думку дзяўчыны, варта зьмяніць у беларускіх унівэрсытэтах у будучыні:

«Я лічу, што ўнівэрсытэт ня можа быць па-за палітыкай. Ва ўнівэрсытэце навучаюцца будучыя спэцыялісты ў розных галінах, са сваімі думкамі, марамі і жаданьнямі. Менавіта ва ўнівэры заводзяцца вельмі важныя знаёмствы і сувязі, гэта важнае месца для выказваньня сваёй думкі, для яе абмеркаваньня. Унівэрсытэт мусіць быць свабодным у гэтым сэнсе. Трэба, каб кожны меў магчымасьць выказвацца і нічога яму за гэта не было. А таксама варта, каб выкладчыкі і ўсе, хто стаіць вышэй, прыслухваліся да студэнтаў, бо гэта таксама іх будучыня, іх жыцьцё і іх краіна».

«Многім хлопцам і дзяўчатам зламалі лёс»

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту мэдыкаў 17 жніўня 2020 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту мэдыкаў 17 жніўня 2020 году

Марыя (імя зьмянілі на просьбу суразмоўцы), вучылася ў Беларускім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце. Дзяўчына сышла пасьля летняй сэсіі 2021-га, але прызнаецца, што думкі аб адлічэньні ўзьнікалі і на пачатку навучальнага году.

«Шмат у чым на прыняцьце рашэньня паўплывала рэакцыя на ўдзел студэнтаў у страйку 26 кастрычніка, у выніку якога некалькі чалавек паказальна адлічылі, аднак непасрэдна мяне гэта закранула. Мой удзел ня быў выразна зафіксаваны на тых відэа, якія „гулялі“ па сетках, аднак прапушчаныя пары гаварылі самі за сябе. Выклікалі ў дэканат для гутаркі, дзе намякнулі, што неўзабаве могуць выклікаць у РУУС, калі пачнуць правяраць тых, у каго былі пропускі бяз важнай прычыны ў гэты дзень. Асаблівага ціску не адчувалася, аднак выдатна ўсьведамляеш, што з гэтага моманту за табой пільна назіраюць».

Напярэдадні Дня Волі ўсіх, хто «засьвяціўся» да гэтага, пачалі выклікаць у дэканат на прафіляктычную гутарку, кажа Марыя. Кіраўніцтва высьвятляла, якія ў студэнтаў пляны на 25 сакавіка, раіла падумаць пра бацькоў і далейшую вучобу.

Дзяўчына зазначае, што ў навучальнай праграме вялікая ўвага надаецца прадметам ідэалягічнага кірунку. На яе думку, гэта адцягвае ад сапраўды важных для мэдыкаў дысцыплін.

«Хто захоча чарговы раз паўтараць курс гісторыі Беларусі і аддаваць цэлы сэмэстар Вялікай Айчыннай вайне? У нас сапраўды вельмі любяць зьвярнуцца да тэмы былых перамог і крыўдаў мінуўшчыны, што даходзіць да абсурду. Да выкладчыцкага складу прэтэнзій не было; часам, вядома ж, былі выпадкі, калі нас спрабавалі „настаўляць“, аднак большасьць — гэта людзі, якія цьвяроза ацэньваюць сытуацыю».

Асаблівага ціску за палітыку не было, гаворыць Марыя, аднак пастаянна давалі зразумець, што сваю думку варта трымаць пры сабе.

«На пэўным этапе студэнты досыць актыўна ўдзельнічалі ў палітычным жыцьці, пачынаючы з агульнанацыянальнага страйку і заканчваючы падтрымкай адлічаных, калі вялікія групы студэнтаў зьбіраліся каля рэктарату ў знак салідарнасьці. Аднак меры з боку ўнівэрсытэта падзейнічалі: пратэставы рух сышоў на нішто».

Пазьней тэлеграм-каналы кшталту «Рупара БДМУ», якія сумленна асьвятлялі ўсе падзеі, прызналі экстрэмісцкімі, дадае Марыя.

«Таксама мяне расчаравалі паводзіны прарэктара ў выхаваўчай працы і некаторых выкладчыкаў, якія выступалі супраць сваіх жа студэнтаў у судзе. Многім маладым хлопцам і дзяўчатам зламалі лёс».

Блізкія Марыі цалкам падтрымалі яе рашэньне пакінуць унівэрсытэт.

«Працягваць вучыцца ў падобнай атмасфэры даволі складана, калі твая сям’я не гатовая мірыцца з існымі парадкамі. Сябры таксама станоўча прынялі маё рашэньне, бо ў маім асяродзьдзі разумныя людзі, якія ўсьведамляюць, як тое, што адбываецца, уплывае на нашыя пэрспэктывы ў будучыні».

Дзяўчына адзначае, што зусім не шкадуе, што забрала дакумэнты. Цяпер яна вучыцца ў Польшчы, дзе адчувае сябе нашмат больш вольнай.

«Я думаю, што ў будучыні ў беларускіх ВНУ трэба зьмяніць як мінімум праграму навучаньня. Яе трэба зрабіць больш практыкаарыентаванай, сапраўды рабіць акцэнт на профільных прадметах. Ну і вядома ж, у студэнтаў павінна быць права выказваць сваю думку, не баючыся, што гэта адабʼецца на вучобе і тым больш стане прычынай адлічэньня».

«Пасьля затрыманьня намесьнікі дэкана далі ясна зразумець, што калі не сыду сама, то сэсію ня здам»

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Падчас адной са студэнцкіх акцый пратэсту пасьля выбараў, кастрычнік 2020 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Падчас адной са студэнцкіх акцый пратэсту пасьля выбараў, кастрычнік 2020 году

Ганна (імя зьмянілі на просьбу суразмоўцы) у 2020-м перавялася на завочнае аддзяленьне аднаго зь беларускіх унівэраў, але ўжо ў лютым 2021-га вырашыла забраць дакумэнты.

«Пасьля затрыманьня летам намесьнікі дэкана далі ясна зразумець, што калі не сыду сама, то наступную сэсію я ня здам. Увогуле і да лета 2020-га ў мяне былі нацягнутыя стасункі з адміністрацыяй. Першапачаткова думала, што завочнае — добрае выйсьце, бо вучылася платна, шкада было грошай бацькоў. Але потым, гледзячы на дзеяньні, выказваньні рэктара і дэкана, зразумела, што я б не хацела мець дыплём гэтай установы з подпісамі гэтых людзей».

Дзяўчына кажа, што з навучаньнем праблем не было: хоць яна і не выдатніца, але яе задавальнялі адзнакі, якія атрымлівала.

«Больш не падабаліся перадузятае стаўленьне і сэксісцкія выказваньні ад выкладчыкаў. Хачу адзначыць, што гэта былі адзінкавыя выпадкі, бо былі і неймаверныя выкладчыкі, якія дапамагалі, і ня толькі з вучобай. Не падабалася яшчэ прымусовасьць — напрыклад, з датэрміновым галасаваньнем ці наведваньнем пэўных мерапрыемстваў».

Відавочнага ціску не было, кажа Ганна, але заўжды прысутнічалі намёкі і «ну вы ж усё разумееце».

«Ведаю, што хлапцоў і дзяўчат, якіх затрымлівалі, выклікалі на нараду прафіляктыкі за прагулы. Тых, хто пасьля не сышоў сам і ня выехаў з краіны, прыціскалі на сэсіі. У верасьні 2020-га, зразумела, ва ўсіх студэнтаў была бурная рэакцыя, спрабавалі выйсьці на дыялёг з адміністрацыяй, неяк дамовіцца наконт тых, хто сядзеў. Але адміністрацыя гаварыла адно, а рабіла іншае, і атрымалася тое, што атрымалася».

Што цяпер адбываецца ва ўнівэрсытэце, Ганна ня ведае.

«Ужо не засталося знаёмых, хто б там вучыўся і ад каго можна было нешта даведацца, але з апошніх навінаў чула, што некаторым выкладчыкам не працягваюць кантрактаў».

Сям’я і сябры падтрымалі дзяўчыну ў рашэньні пакінуць ВНУ.

«Напэўна, я шкадавала толькі бацькоўскіх грошай ды таго, што сышла пад канец вучобы. Як бы шкада і часу, і намаганьняў, і кідаць усё неяк страшна было. Але калі я была на атрыманьні дыплёмаў сваіх былых аднагрупнікаў, зразумела, што я б дакладна не змагла падысьці да дэкана і паціснуць яму руку. Ну і, у дадатак, наўрад ці я б працавала па сваёй прафэсіі, таму потым адлягло».

«Палітыка інстытуту стала больш агрэсіўнай і праўладнай»

Анфіса (імя зьмянілі на просьбу суразмоўцы) пакінула адзін з інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук, дзе вучылася ў асьпірантуры.

«Я правучылася адзін год з трох, прайшла атэстацыю — і забрала дакумэнты. Я была незалежнай назіральніцай на выбарах, не хацела перамогі кагосьці канкрэтна, але хацела сумленных выбараў, без фальсыфікацый. Пазьней звольнілі дырэктара майго інстытуту; ён сапраўдны прыклад навукоўца для мяне, чалавек, якога я вельмі паважаю. Палітыка інстытуту стала больш агрэсіўнай і праўладнай».

Дзяўчына прызнаецца, што спачатку вучыцца падабалася.

«Працэс навучаньня быў сапраўды выдатны першапачаткова, але, пачуўшы інтэрвію аднаго супрацоўніка інстытуту, які прапагандаваў расстрэлы пратэстоўцаў, зразумела, што мне будзе складана ўзаемадзейнічаць зь ім. Хоць канкрэтна на мяне непасрэднага ціску не было».

Што цяпер адбываецца ў Акадэміі, дзяўчына ведае выключна з публікацый СМІ. Блізкія Анфісы адрэагавалі на жаданьне дзяўчыны пакінуць навучаньне нэўтральна.

«Яны прасілі лепей абдумаць, і я правучылася яшчэ 3-4 месяцы, аднак сытуацыя не палепшылася. Я б хацела скончыць асьпірантуру, аднак у нармальных умовах. Цяпер я вучуся ў магістратуры ў Польшчы і працэс навучаньня вельмі цікавы, я зусім не шкадую, бо маю магчымасьць параўнаць магістратуру ў Беларусі і Польшчы. Магчыма, паспрабую скончыць у будучыні асьпірантуру тут. Увогуле лічу, што ў Беларусі для разьвіцьця навукі было б карысна, каб ВНУ былі незалежнымі. Без адчуваньня свабоды, магчымасьці крытыкаваць, выбіраць тэмы работ складана ісьці наперад».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG