Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начныя выбухі на Берасьцейшчыне. Што вядома на гэты момант


Наступствы ракетных абстрэраў у Кіеве. 8 сакавіка 2022
Наступствы ракетных абстрэраў у Кіеве. 8 сакавіка 2022

Жыхары адразу некалькіх райцэнтраў Берасьцейскай вобласьці каля 23 гадзін 16 сакавіка паведамілі пра гучныя выбухі. Афіцыйная вэрсія пакуль не агучаная, вэрсія праўладных тг-каналаў выклікае пытаньні.

Паведамленьні аб гуках стральбы і артылерыйскіх удараў пачалі прыходзіць зь Берасьця ў першай палове дня 16 сакавіка. Пазьней Мінабароны патлумачыла гэта правядзеньнем вучэньняў на палігоне «Берасьцейскі», разьмешчаным на поўдзень ад абласнога цэнтра. Бліжэй да поўначы таго ж дня адначасова зьявілсія паведамленьні пра зусім іншыя гуках моцных выбухаў на ўсходзе Берасьцейшчыны. Гэтыя зьвесткі выклікалі хвалю публікацый у беларускіх СМІ, сацсетках і тэлеграм-каналах. Свабода сабрала ўсю вядомую на гэты момант інфармацыю.

Што адбылося

Паведамленьні аб гучных выбухах пачалі зьяўляцца неўзабаве пасьля 23 гадзін.

«Лунінец, 22:55 прыблізна, — гаварылася ў адным зь першых зь іх. — Быў чуваць быццам магутны воплеск наводдаль. Зараз самалёты ў бок аэрадрома вяртаюцца, падобна. Такога раней ня чуў ні разу ў нас».

«Клецк, моцны воплеск. Здагадка: магчыма, нешта ў Азярэччы рванула?» — паведамлялася ў іншым.

У шэрагу паведамленьняў пра моцныя выбухі гаварылася пра два воплескі, іншыя сьведкі сьцьвярджаюць, што быў толькі адзін моцны гук. Інфармацыя пра моцныя гукі, «якіх ніколі не чулі раней», зьявілася амаль адначасова ня толькі ў тэматычных тэлеграм-каналах, але і ў недзяржаўных СМІ, якія спасылаліся на ўласныя крыніцы і чытачоў. Свабода таксама атрымала пацьверджаньні таго, што гукі выбухаў сапраўды былі чуваць на паўночным захадзе Берасьцейскай вобласьці позна ўвечары 16 сакавіка.

Дзе чулі выбухі

Па стане на раніцу 17 сакавіка вядома пра восем населеных пунктаў Беларусі, жыхары якіх адначасова чулі ўначы гукі, падобныя да выбухаў. Гэта Баранавічы, Нясьвіж, Клецак, Слуцак, Ганцавічы, Лунінец, Пінск і Столін. Датаваньне паведамленьняў адрозьніваецца нязначна, усе яны трапляюць у прамежак часу ад 22:55 да 23:10 16 сакавіка.

Гукі выбухаў распаўсюдзіліся на вялікай тэрыторыі заходняй часткі Берасьцейскай вобласьці. Самы паўночны пункт, дзе іх чулі — Баранавічы. Самыя паўднёвыя — Пінск і Лунінец. Паміж імі каля 150 кілямэтраў. Да Берасьцейскага вайсковага палігону, дзе 16 сакавіка праводзілі вучэньні са стральбой, — каля 250 кілямэтраў. Пры гэтым на захадзе скрайні населены пункт, адкуль прыйшлі паведамленьні пра начное здарэньне, — гэта Баранавічы і Пінск. А на ўсходзе — Слуцак, ад якога да Берасьця 300 км.

Адзін з жыхароў Століна змог зьняць відэа, на каторым чуваць адзін з выбухаў. Відавочца сьцьвярджае, што моцны глухі выбух ён чуў паміж 23:00 і 23:10.

Выбухі можна пачуць тут:

Якая афіцыйная вэрсія

Яе пакуль няма. Мінабароны Беларусі, якое ўдзень 16 сакавіка супакойвала жыхароў Берасьця тлумачэньнямі артылерыйскай страляніны ў ваколіцах гораду, па стане на раніцу 17 сакавіка начных выбухаў на захадзе Берасьцейскай вобласьці ніяк не камэнтавала. Паводле афіцыйных паведамленьняў тэлеграм-канала Міністэрства абароны Беларусі, вучэньні на палігоне «Берасьцейскі» завяршыліся ў раёне 15 гадзін 16 сакавіка, за 8 гадзін да начных выбухаў.

Зьявіліся толькі паведамленьні ў праўладных тэлеграм-каналах, якія ва ўласьцівым ім стылі патлумачылі гучныя воплескі праходжаньнем звышгукавымі зьнішчальнікамі гукавога бар’еру, альбо працягам вучэньняў на палігоне «Берасьцейскі», альбо гукамі баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.

Пры гэтым прадстаўнікі ўкраінскага Генштабу і ўкраінскія СМІ пакуль не інфармавалі пра ракетныя ўдары на сумежных зь Беларусьсю тэрыторыях у ноч з 16 на 17 сакавіка. Гук пераадоленьня вайсковым самалётам звышгукавога бар’еру можна паслухаць і параўнаць з начнымі выбухамі на Берасьцейшчыне па спасылцы. Яго, як правіла, можна пачуць на адлегласьці ў 10-15 кілямэтраў ад самалёта, які пераадольвае звышгукавы бар’ер.

Чым яшчэ можна патлумачыць начныя выбухі

Вучэньнямі альбо адпрацоўкай баявых дзеяньняў на Даманаўскім палігоне, які разьмешчаны параўнальна недалёка ад Баранавічаў і Ганцавічаў, адкуль прыйшло найбольш паведамленьняў аб начных выбухах. Даманаўскі палігон выкарыстоўваецца ў тым ліку для адпрацоўкі бомбамятаньня цяжкай і сярэдняй авіяцыяй. Ён быў заяўлены як адно з афіцыйных месцаў правядзеньня вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022».

Ад Баранавічаў да Даманаўскага палігону каля 50 кілямэтраў, да Ганцавічаў прыкладна 40, да Пінску — каля 70. Афіцыйных паведамленьняў Мінабароны Беларусі аб начных вучэньнях на Даманаўскім палігоне таксама пакуль няма.

На пошце ў Даманаве (вёска, якая знаходзіцца побач з палігонам. — РС) на пытаньне Свабоды, ці чулі там вечаровыя выбухі 16 сакавіка, адказалі: «Чаму я павінна даваць такую інфармацыю? У мяне абедзенны перапынак. Ніякіх выбухаў я ня чула». Пасьля гэтага супрацоўніца паклала трубку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG