Антыфэйк: Кадыраў ва Ўкраіну не прыяжджаў, відэа зь ім — пастаноўка

Рамзан Кадыраў
Рамзан Кадыраў

Крыніцы выданьня «Українська правда» ў Службе бясьпекі Ўкраіны і дадзеныя інтэрнэт-сэрвісаў дазволілі высьветліць, што кіраўнік Чачэнскай рэспублікі, якая ў складзе Расеі, за апошні тыдзень ва Ўкраіну не прыяжджаў.

13 сакавіка расейскія тэлеграм-каналы паведамілі, што Рамзан Кадыраў нібыта знаходзіўся ва Ўкраіне і сустракаўся з чачэнскімі сілавікамі, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны.

Расейскія прапагандысты апублікавалі відэа, зь якога нібыта вынікала, што Кадыраў знаходзіцца за 7 км ад украінскай сталіцы. Тады дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч заявіў, што «зьяўленьне (Кадырава) нічога не вырашае. Будзе інфармацыя — зьнішчым. Ня будзе — зьнішчым наступны раз», піша «Українська правда».

Ужо раніцай 14 сакавіка Кадыраў апублікаваў у сваім Telegram-канале відэа і заявіў, што яно было зьнята ў Гастомелі за 25 км ад Кіева. Ён таксама дадаў: «Ваш інтэлект кульгае. На відэа мы ў Гастомелі. Днямі мы былі каля 20 км ад вас, кіяўляне, а цяпер яшчэ бліжэй, і здагадайцеся, наколькі мы блізкія. Заінтрыгую: можа, мы ўжо ў Кіеве, і мы толькі чакаем патрэбнай каманды?».

Як паведамляюць крыніцы «УП» у СБУ, Кадыраў карыстаецца двума тэлефоннымі нумарамі. Паводле ўкраінскіх мабільных апэратараў, гэтыя нумары Кадырава не падключаліся да ўкраінскіх вышак сувязі ў роўмінгу апошнія 7 дзён. З дапамогай агульнадаступнага онлайн-сэрвісу журналісты паспрабавалі высьветліць IP-адрас, краіну і горад, дзе знаходзіцца нумар тэлефона Кадырава.

Сэрвіс генэруе спасылку, якая дазваляе знайсьці месцазнаходжаньне нумару, як толькі карыстальнік пяройдзе па спасылцы. У гэтым выпадку карыстальнік ні пра што не здагадваецца, бо па спасылцы ён пераходзіць на звычайны сайт, пазначаны ў спасылцы.

Журналісты «УП» напісалі паведамленьне Кадыраву ў Telegram, назваліся журналісткай «РИА Новости» і дадалі спасылку на артыкул у той самы дзень, калі, па словах Кадырава, ён быў ва Ўкраіне і пад Кіевам. Служба знайшла наступную геалякацыю Кадырава: Расейская Фэдэрацыя, горад Грозны.

15 сакавіка ў сваім тэлеграм-канале Кадыраў апублікаваў відэа, на якім ужо знаходзіцца ў Чачэніі.

Раней службовыя аўтамабілі паліцыі Чачэнскай рэспублікі заўважылі ў беларускім Мазыры.

Таксама байцы кадыраўскага атраду казалі ў TikTok, што вядуць баі на подступах да Кіева і нават паказалі фатаздымкі ў доказ гэтаму. Аднак карыстальнікі Reddit вызначылі, што фота зробленыя ў Беларусі, а баевікі знаходзяцца ў Мазыры, у прыватнасьці, каля піўзаводу «Кімбараўка».

​
XS
SM
MD
LG