Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі выступіць перад Кангрэсам ЗША па відэасувязі

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зьвернецца 16 сакавіка па відэасувязі да Кангрэсу Злучаных Штатаў.

Чакаецца, што ў сваім выступе прэзыдэнт Украіны закліча ЗША зрабіць беспалётную зону над Украінай і папросіць даць краіне баявыя самалёты МіГ, якія знаходзяцца ў арсэнале Польшчы. Гэтыя самалёты дазволяць Украіне адбіць налёты расейскай авіяцыі, аб’ектамі ўдараў якой у апошнія дні становяцца жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.

Са зваротам да краіны 16 сакавіка таксама выступіць прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. Паводле паведамленьняў прэсы, ён абвесьціць аб выдзяленьні дадатковых 800 мільёнаў долараў на дапамогу Ўкраіне ў вайне супраць расейскіх захопнікаў. ЗША пашыраць пастаўкі Ўкраіне супрацьтанкавых ракетных комплексаў Javelin і зэнітна-ракетных комплексаў Stinger. Паводле людзей з атачэньня прэзыдэнта Байдэна, Белы дом не гатовы ўвесьці беспалётную зону над Украінай і ўхваліць перадачу Украіне польскіх МіГаў.

Некалькі дзён таму Белы дом адказаў адмовай на прапанову Польшчы перадаць Украіне самалёты МіГ-29, узамен якіх Польшча хацела атрымаць амэрыканскія F-16. Адмова была матываваная тым, што перапраўка МіГаў ва Ўкраіну праз амэрыканскую вайсковую базу ў Нямеччыне можа павысіць рызыку прамога канфлікту NATO і Расеі. Разам з тым у Кангрэсе ЗША моцныя настроі на карысьць пастаўкі Кіеву баявых самалётаў. У падтрымку такога кроку выказаліся некалькі ўплывовых амэрыканскіх заканадаўцаў.

XS
SM
MD
LG