Удзельнікі груп продажу і абмену валюты ў сацсетках звычайна дамаўляюцца аб сустрэчы ў цэнтры гораду ў аддзяленьні банку. Цана даляра і эўра ў такіх дамовах значна перавышае афіцыйны курс і дасягае 200 расейскіх рублёў.
У Расеі забарона на продаж наяўнай валюты банкамі прывяла да зьяўленьня ў сацыяльных сетках ценявога валютнага рынку.
У мэсэнджары Telegram, паводле дадзеных газэты «Коммерсантъ», зьявіліся дзясяткі каналаў з прапановай абмяняць валюту. «ВКонтакте» таксама ўжо мае такія групы. У тэлеграм-каналах публікуецца «актуальная інфармацыя аб магчымых месцах куплі даляра» або абмен інфармацыяй аб тым, колькі ў каго ёсьць валюты і па якой цане яны гатовыя яе прадаць, або, наадварот, колькі валюты чалавеку неабходна і колькі ён гатовы заплаціць.
Удзельнікі гэтых груп звычайна дамаўляюцца аб сустрэчы ў цэнтры гораду ў аддзяленьні банку. Кошт даляра і эўра ў такіх выпадках значна перавышае афіцыйны курс і дасягае 200 рублёў.
У праваахоўных органах «Коммерсанту» паведамілі, што дзейнасьць у арганізацыі абмену валютай у сацсетках і мэсэнджарах можа падпасьці пад крымінальную адказнасьць па артыкуле 172 КК РФ («Незаконная банкаўская дзейнасьць»).
Цэнтрабанк Расеі ў адказ на ўведзеныя санкцыі за ўварваньне Расеі ва Ўкраіну раней забараніў банкам абменьваць грамадзянам наяўныя рублі на валюту. Жыхары Расеі змогуць адкрыць новыя валютныя рахункі і ўклады, але зьняць зь іх сродкі можна будзе толькі ў рублях па курсе на дзень выдачы. Абменьваць валюту на рублі можна без абмежаваньняў. Са старога валютнага рахунку можна будзе зьняць толькі 10 тысяч даляраў (астатняе выдадуць у рублях). Новыя правілы будуць дзейнічаць да 9 верасьня.