Адключаны ад SWIFT «Белаграпрамбанк» увёў ліміты на зьняцьце валюты з картак

Офіс Белаграпрамбанку ў Менску
Офіс Белаграпрамбанку ў Менску

З 14 сакавіка ў валюце можна зьняць ня больш за 100 даляраў за месяц. Ліміты дзейнічаюць як у Беларусі, так і за мяжой.

Абмежаваньні дзейнічаюць пры зьняцьці валюты гатоўкай, пераводах праз сыстэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўваньня, інфакіёскі, банкаматы, аплаце ў онлайн-крамах. Гэта значыць, з рублёвай карткі нельга патраціць больш за 100 даляраў за месяц — ні зьняць, ні аплаціць тавары, напрыклад у замежнай інтэрнэт-краме, піша Zerkalo.io.

Пры гэтым для валютных картак на тэрыторыі Беларусі ўвялі ліміт у 100 даляраў за месяц толькі на зьняцьце гатоўкі з адной карткі. На безнаяўныя апэрацыі няма абмежаваньняў.

Банк таксама ўвёў абмежаваньні на выкарыстаньне картак за мяжой. Як для рублёвых, так і для валютных картак увялі ліміт у 100 даляраў за месяц на зьняцьце гатоўкі. На безнаяўныя апэрацыі няма абмежаваньняў.

Раней ліміты на апэрацыі па картках вызначыў «Тэхнабанк».

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Акрамя «Белаграпрамбанку», гэта банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

​
XS
SM
MD
LG