Фізычным асобам забаранілі купляць валюту на беларускай біржы

абноўлена
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Банкі Расеі дазваляюць сваім кліентам адкрыць уклады ў валютах тых краін, якія ня ўводзілі санкцыі за напад на Ўкраіну. Вялікія зьмены адбываюцца ў беларускіх банках.

Рашэньнем Праўленьня Беларускай валютна-фондавай біржы часова прыпынены допуск фізычных асоб да ўдзелу ў валютных таргах. Пра гэта паведамляе Onliner.

На Беларускай валютна-фондавай біржы курс значна больш выгадны, чым у абменных пунктах.

Раней у суседняй Расеі забаранілі нават банкам прадаваць валюту фізычным асобам.

Новыя валютныя правілы расейскіх банкаў

Як інфармуюць сайты расейскіх банкаў, цяпер у іх кліентаў ёсьць магчымасьць адкрыць дэпазыт у кітайскіх юанях, валютах некаторых краінаў постсавецкай прасторы.

Нядаўна Цэнтрабанк Расеі ўвёў новыя правілы абыходжаньня з валютай ва ўмовах санкцый, уведзеных краінамі сьвету супраць Расеі ў сувязі зь яе ўварваньнем ва Ўкраіну.

Банкам з 9 сакавіка да 9 верасьня забаранілі прадаваць грамадзянам наяўную валюту, а з валютных рахункаў можна будзе зьняць ня болей за 10 тысяч даляраў, астатнія сродкі — у рублях паводле курсу на дзень выдачы.

На гэты момант санкцыі ўведзеныя супраць «Альфа-Банка», ВЭБ, ВТБ, «Промсвязьбанка», «Открытия», Банка «Россия», «Россельхозбанка», МКБ, «Совкомбанка» і некалькіх крэдытных арганізацый, якія працуюць у анэксаваным Крыме.

Беларускія банкі уводзяць ліміты на апэрацыі па картках

«Тэхнабанк» увёў абмежаваньні на апэрацыі з выкарыстаньнем банкаўскіх картак, паведамляецца на сайце фінансавай установы. Ліміт для наяўных расходных апэрацый па картках, аформленых да рахункаў у далярах і эўра, вызначаны ў памеры 2 000 даляраў і 500 эўра на дзень адпаведна.

Ліміты ў сыстэме дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўваньня — інтэрнэт-банк і мабільная праграма, на безнаяўны продаж замежнай валюты па картках (папаўненьне праз АРІП валютных картак, пераводы паміж карткамі з валютай рахунку ў беларускіх рублях на картку ў замежнай валюце) вызначаны ў памеры 2000 даляраў і 100 эўра за дзень адпаведна.

Зьняцьце гатоўкі ў далярах і эўра з картак у беларускіх рублях часова прыпынена.

Днямі «Беларусбанк» таксама ўвёў абмежаваньні на зьняцьце гатоўкі і безнаяўны разьлік за межамі Беларусі. Раней шэраг беларускіх банкаў пачалі ўводзіць абмежаваньні на зьняцьце гатоўкі за мяжой, а таксама зьняцьце даляраў з укладаў.

Курсы валют

Продаж даляра ЗША банкамі застаецца прыкладна на ўзроўні 4 беларускіх рублёў, курс эўра ў шэрагу банкаў перасягнуў пазнаку ў 4,4 рубля. Найніжэйшы сёньня курс даляра ў «Абсалютбанку» і «Парытэтбанку» — 3,88 рубля. Найніжэйшы па эўра — там сама, па 4,21 рубля. У той жа час «ТКбанк» прадае эўра ўжо па 4,7 рубля, там і найвышэйшы курс продажу даляра — 4,2 рубля.

​
XS
SM
MD
LG