Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне расейскія войскі абстрэламі часткова зьнішчылі сама меней 28 культавых устаноў і выкралі некалькіх сьвятароў


Сьвятагорская Сьвята-Ўсьпенская лаўра да нападу расейцаў
Сьвятагорская Сьвята-Ўсьпенская лаўра да нападу расейцаў

Украінскі культурны фонд пачаў дакумэнтаваць расейскія ваенныя злачынствы супраць культурнай і рэлігійнай спадчыны.

Паводле папярэдняй інфармацыі, часткова зьнішчылі або пашкодзілі 12 рэлігійных цэнтраў:

  • пашкодзілі фасады і вокны помнікаў архітэктуры — будынкаў, якія ўваходзяць у архітэктурны манастырскі ансамбль Сьвятагорскай Сьвята-Ўсьпенскай лаўры ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя (Данецкая вобласьць);
  • часткова пашкодзілі Сьвята-Пакроўскую царкву ў горадзе Малін Жытомірскай вобласьці;
  • часткова зьнішчылі помнік гісторыі — драўляную Пакроўскую царкву Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы, пабудаваную ў 1862 годзе ў сяле Вязаўка Жытомірскай вобласьці;
  • часткова зруйнавалі царкву ў гонар сьвятога Ціхана Задонскага ў горадзе Гуляйполе Запароскай вобласьці;
  • чатыры царквы ў населеных пунктах Кіеўскай вобласьці — у Бобрыку, Заворычах, Бучы і Іванкаве;
  • пяць цэркваў у Харкаўскай вобласьці (чатыры ў Харкаве і адну ў Ізюме).

Пазьней Дзяржаўная служба Ўкраіны ў пытаньнях этнапалітыкі і свабоды слова ўдакладніла, што ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 28 культавых устаноў, у тым ліку сынагога ў Харкаве, якая на пачатку ХХ стагодзьдзя была найбольшай у Эўропе, а таксама Канстанцінаўская мячэць у Данецкай вобласьці.

Сьпікер Праваслаўнай царквы Ўкраіны архіяпіскап Яўстраці Зара перакананы, што расейскія войскі наўмысна абстрэльваюць украінскія храмы.

«Ня толькі храмы; мы ведаем і пра малітоўныя дамы пратэстанцкіх канфэсій, мы ведаем пра абстрэлы, бамбаваньне мячэці, якая знаходзіцца ў Марыюпалі, дзе ў падвале хаваліся больш за 80 чалавек. Пашкодзілі або разбурылі шэраг храмаў, у тым ліку храмы розных канфэсій — Праваслаўнай царквы Ўкраіны і Маскоўскага патрыярхату. Я думаю, што самым вядомым быў Сьвятагорскі манастыр пад Славянскам. Гэты манастыр быў вядомы сваёй асаблівай прыхільнасьцю да еднасьці з Расейскай праваслаўнай царквой. То бок гэта рэчы, якія выходзяць за рамкі любой лёгікі», — сказаў Яўстраці Зара ў інтэрвію праекту Радыё Свабода «Навіны Прыазоўя».

Яўстраці Зара таксама паведаміў, што ў акупаваным Бярдзянску расейскія вайскоўцы затрымалі і вывезьлі ў невядомым кірунку сьвятара Праваслаўнай царквы Ўкраіны айца Алега Нікалаева. Яшчэ аднаго сьвятара, што быў з камандай цывільнага карабля «Сапфір», захапілі ў палон і разам з экіпажам вывезьлі ў Крым.

«Я таксама ведаю, што ў некаторых гарадах Чарнігаўскай вобласьці прыяжджалі людзі, якія выглядалі як прадстаўнікі расейскіх спэцслужбаў, яны прыяжджалі на машынах з расейскімі нумарамі і шукалі сьвятара Праваслаўнай царквы Ўкраіны, які да акупацыі быў вядомы сваёй праўкраінскай патрыятычнай пазыцыяй», — дадаў сьпікер Праваслаўнай царквы Ўкраіны.

Пералічаныя злачынствы ўжо задакумэнтаваныя, але імаверна, што іх колькасьць насамрэч значна большая.

«Духоўнае злачынства»: у ПЦУ асудзілі дзеяньні патрыярха РПЦ, які перадаў абраз кіраўніку Расгвардыі

Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Ўкраіны Эпіфаній асудзіў дзеяньні патрыярха Рускай праваслаўнай царквы Кірыла (Гундзяева), які 13 сакавіка перадаў ікону Віктару Золатаву, кіраўніку Расгвардыі.

«Уручэньне ў нядзелю на літургіі кіраўніком Маскоўскага патрыярхату Кірылам Гундзяевым кіраўніку Расгвардыі абраза і пажаданьні «дабраславеньня» забойцам і душагубам — духоўнае злачынства. Пазыцыю кіраўніка РПЦ, які падтрымаў агрэсію супраць Украіны, павінны асудзіць усе рэлігійныя лідэры сьвету!» — заявіў кіраўнік Праваслаўнай царквы Ўкраіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG