Нацыянальная атамная кампанія «Енергоатом» заявіла, што паведаміла генэральнаму дырэктару МАГАТЭ, што пэрсанал Чарнобыльскай АЭС больш не займаецца рамонтам і абслугоўваньнем абсталяваньня станцыі.
«211 чалавек — тэхнічны пэрсанал і супрацоўнікі службы аховы — па-ранейшаму ня могуць зьмяніцца. Яны заступілі на зьмену напярэдадні расейскага ўварваньня на тэрыторыю аб’екта. У сувязі з тым, што сытуацыя пагаршаецца, усё больш актуальнай становіцца ініцыятыва МАГАТЭ ў гарантаваньні бясьпекі і фізычнай бясьпекі ўкраінскіх АЭС», — заявіў 13 сакавіка генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі Рафаэль Мар’яна Гросі на сайце арганізацыі.
Раней генэральны дырэктар «Росатома» Аляксей Ліхачоў пацьвердзіў, што на Чарнобыльскай і Запароскай АЭС знаходзяцца расейскія атамнікі, якія «аказваюць кансультацыйную дапамогу» ўкраінскаму пэрсаналу станцый.
14 сакавіка «Росатом» паведаміў, што кіраваньне і эксплуютацыю Запароскай і Чарнобыльскай АЭС ажыцьцяўляе ўкраінскі пэрсанал, а «пры кансультацыйнай дапамозе расейскіх спэцыялістаў аднаўляецца энэргазабесьпячэньне Чарнобыльскай АЭС і сыстэма фізычнай абароны Запароскай АЭС».
Паводле іх, усе захады ажыцьцяўляюцца ў цесным кантакце з кіраўніцтвам МАГАТЭ.
Праз супярэчлівасьць заяў украінскіх і расейскіх атамнікаў, а таксама Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі, цяжка зрабіць высновы, што сапраўды адбываецца на тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС і хто ажыцьцяўляе кантроль за сыстэмамі бясьпекі.
Дакладна вядомая колькасьць расейскіх атамнікаў на Запароскай АЭС — іх 11, і, паводле МАГАТЭ, «яны ў пытаньні эксплюатацыі ядзерных установак ня ўмешваюцца».
Ва ўкраінскім «Енергоатоме» пацьвердзілі, што цяпер усё 6 блёкаў Запароскай АЭС знаходзяцца пад кантролем украінскага пэрсаналу, які, у адрозьненьне ад чарнобыльскага, можа працаваць на ратацыйнай аснове.
У той жа час украінцы зьвяртаюць увагу на тое, што на тэрыторыі станцыі знаходзіцца 50 адзінак вайсковай тэхнікі, каля 400 расейскіх вайскоўцаў і шмат выбухоўкі і зброі.
«Фармальна акупанты ня ўмешваюцца ў працу АЭС, але ўсе тэхнічныя рашэньні пэрсанал вымушаны ўзгадняць з камандзірам захопнікаў. Супрацоўнікі станцыі знаходзяцца пад моцным псыхалягічным ціскам з боку акупантаў, увесь пэрсанал па прыбыцьці на станцыю старанна правяраюць узброеныя тэрарысты. Усё гэта нэгатыўна адбіваецца на працы і ставіць пад пагрозу ядзерную і радыяцыйную бясьпеку», — падкрэсьлілі ва ўкраінскай кампаніі «Енергоатом».
У Славуцічы паведамілі, што з раніцы 14 сакавіка ЧАЭС і горад зноў заставаліся без электрычнасьці
«Учора ўдалося аднавіць электразабесьпячэньне ЧАЭС на некалькі гадзін, але ненадоўга. Зноў лінія не працуе», — адзначаецца ў паведамленьні гарадзкой рады Славуціча.
Паводле яе, горад забясьпечаны цяплом і вадой, але паліва засталося вельмі мала, таму «няма магчымасьці запраўляць машыны для дастаўкі дроваў і малака».
Гарадзкія ўлады зьвярнуліся да жыхароў горада з просьбай падзяліцца запасамі паліва.
Увечары 13 сакавіка міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў аб аднаўленьні электразабесьпячэньня Чарнобыльскай АЭС, страчанага ў выніку пашкоджаньня высакавольтнай лініі ад абстрэлаў расейскімі войскамі. Больш як два дні расейцы не дазвалялі ўкраінскім энэргетыкам выехаць на месца для рамонтных работ. Звыш двух сутак сыстэмы бясьпекі ядзерных аб’ектаў Чарнобыльскай АЭС і зоны адчужэньня сілкаваліся ад дызэльных генэратараў.
9 сакавіка Лукашэнка казаў Пуціну, што электрычнасьць на станцыю падалі нібыта зь Беларусі, але ў Кіеве гэта зьняпраўдзілі.
Украінская кампанія «Енергоатом» а 12.30 паведаміла, што ў другі раз аднавіла энэргазабесьпячэньне Чарнобыльскай АЭС. Але ўкраінскія атамнікі не выключаюць новых выпадкаў адключэньня.
«Пэрсанал ЧАЭС, які не зьмяняўся з пачатку вайсковай агрэсіі Расеі, зьнясілены псыхалягічна і фізычна, і ня можа забясьпечыць якаснае ўтрыманьне станцыі. Адзінай гарантыяй бясьпекі ЧАЭС ёсьць поўны вывад расейскіх войскаў са станцыі», – заявілі ва ўкраінскай кампаніі.
Праз паўгадзіны кампанія «Укренерго» паведаміла, што лінія зноў пашкоджана і ЧАЭС зноў засталася без электрычнасьці.
Удзень 13 сакавіка стала вядома пра чатыры эпіцэнтры пажару ў зоне адчужэньня. Пакуль невядома, ці павялічваецца іхная плошча.