Пэнтагон ня бачыць прыкметаў уводу беларускіх войскаў ва Ўкраіну

Прэс-сакратар міністэрства абароны ЗША Джон Кірбі
Прэс-сакратар міністэрства абароны ЗША Джон Кірбі

Пэнтагон заявіў, што не бачыць ніякіх прыкмет таго, што беларускія войскі ўвайшлі ва Ўкраіну, заявіў у пятніцу прэс-сакратар міністэрства абароны ЗША Джон Кірбі.

«Мы ня бачылі ніякіх прыкмет таго, што беларускія войскі або сілы перамясьціліся ўнутры Украіны», — сказаў Кірбі.

У той жа час, паводле яго слоў, тое, што няма прыкмет ўварваньня беларускіх сіл на ўкраінскую тэрыторыю, не азначае, што гэтага не адбудзецца ў будучыні.

Як паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны, 11 сакавіка ля мяжы Беларусі і Расеі адбыліся выбухі. У іх выніку на тэрыторыі Беларусі ніхто не пацярпеў. Украінскія вайскоўцы назвалі гэта «падступнай правакацыяй», накіраванай на ўцягваньне беларускіх узброеных сіл у вайну супраць Украіны на баку Расеі.

Пазьней украінская паліцыя завяла крымінальныя справы па факце авіяўдараў, нанесеных па Ровенскай вобласьці. Яны адбыліся ў той час, калі шэраг СМІ паведамілі пра магчымыя авіяўдары па вёсках на Століншчыне.

Паводле паведамленьня паліцыі, тры выбухі адбыліся ў 15.40 менскага часу ў полі каля вёскі Міляч Сарненскага раёну Ровенскай вобласьці. У выніку бамбардаваньня ніхто не пацярпеў, але была пашкоджаная лінія электраперадач.

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў раней заяўляў, што Украіна «не плянавала, не плянуе і ня будзе плянаваць ніякіх агрэсіўных дзеяньняў супраць Беларусі».

11 сакавіка ў Маскве Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з Уладзімірам Пуціным. Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, яны дамовіліся аб пастаўках у Беларусь «самых сучасных узораў ваеннай тэхнікі» з Расеі.

​
XS
SM
MD
LG