«Сапраўды, згодна з загадам начальніка Валынскай вайсковай адміністрацыі ад 6 сакавіка (і потым яшчэ ад 10 сакавіка ў яго былі ўнесены зьмены), у зоне дзейнасьці Валынскай мытні канфіскавалі для патрэб Узброеных сіл Украіны 26 транспартных сродкаў, зь іх 3 — рэгістрацыі Расейскай Фэдэрацыі і 23 — беларускай рэгістрацыі», — паведаміла Свабодзе прэсавая сакратарка Валынскай мытні Валянціна Чарныш.
Паводле яе, усе гэтыя транспартныя сродкі «ўвайшлі на мытную тэрыторыю Ўкраіны да пачатку ваенных дзеяньняў».
«Нехта заехаў 22-га, а нехта 23 лютага, і цяпер гэтыя транспартныя сродкі, і тавар, якія яны перамяшчалі, канфіскаваныя на карысьць Украіны, згодна з умовамі ваеннага становішча», — удакладніла яна.
Валянціна Чарныш падкрэсьліла, што вядзецца выключна пра канфіскацыю грузавых аўтамабіляў, якія належаць юрыдычным асобам, а не легкавых, што знаходзяцца ва ўласнасьці фізычных асобаў.
«Размова ідзе выключна пра аўтадарожныя грузавыя аўтамабілі. Яны перавозілі і арматуру, і шкляныя вырабы. Адным словам, хто чым гандляваў, тое і перавозілі. Тавар перамяшчаўся яшчэ да вайны ў рэжыме транзыту або імпарту ва Ўкраіну і знаходзіўся ў зоне мытнага кантролю», — дадала прэсавая сакратарка Валынскай мытні.
У той жа час яна не змагла ўдакладніць назвы кампаній, якім належаць канфіскаваныя грузавікі, а таксама паходжаньне прадукцыі, што перавозілася.
«Мы маем транспартныя сродкі і іхныя рэгістрацыйныя нумары. Увесь тавар, які пакуль знаходзіцца ў транспартных сродках, належыць адпраўнікам — або Расеі, або Беларусі, — якія хацелі яго прадаць, але не прадалі», — адзначыла Валянціна Чарныш.
Канфіскат ідзе для ваенных патрэб
У Дзяржаўнай мытнай службы Ўкраіны паведамілі, што за 14 дзён расейскай вайны Узброеным сілам Украіны перадалі канфіскаваныя на мяжы тавары і аўтамабілі на суму 115 мільёнаў грыўняў.
У тым ліку, 650 аўтамабіляў на 105 мільёнаў грыўняў, амаль 1 мільён пачкаў цыгарэт на 5 мільёнаў грыўняў, 5,5 тысяч лекаў на 2 мільёны грыўняў, розныя прадукты харчаваньня на 1,2 мільёна грыўняў, 71 кампутар і тэлефон на 0,6 мільёна грыўняў, 1,5 тысячы бронекамізэлек, ахоўных касак і боепрыпасаў на 0,5 мільёна грыўняў.
Як патлумачылі ў Дзяржаўнай мытнай службе Ўкраіны, гэта зроблена адпаведна распараджэньню ўраду Ўкраіны ад 26 лютага 2022 году № 186-р «Аб перадачы маёмасьці для патрэб Узброеных сіл», а таксама рашэньням ваеннага камандаваньня аб прымусовым адчужэньні або канфіскацыі маёмасьці, згодна з законам «Аб прававым рэжыме ваеннага становішча».
Ва Ўкраіне 24 лютага пасьля пачатку агрэсіі Расеі абвясьцілі ваеннае становішча
Згодна з украінскім заканадаўствам, на час дзеяньня ваеннага становішча могуць абмяжоўвацца канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, прадугледжаныя 12 артыкуламі Канстытуцыі Ўкраіны:
- на недатыкальнасьць жытла;
- на тайну ліставаньня, тэлефонных размоў, тэлеграфнай і іншай карэспандэнцыі;
- на неўмяшаньне ў асабістае і сямейнае жыцьцё;
- на свабоду перамяшчэньня, выбар месца пражываньня, выезд з Украіны;
- на свабоду думкі і слова, вольнае выказваньне сваіх поглядаў і перакананьняў;
- на ўдзел у кіраваньні дзяржаўнымі справамі, у рэфэрэндумах і выбарах;
- на мірныя сходы, мітынгі і дэманстрацыі;
- на сваю ўласнасьць і вынікі сваёй інтэлектуальнай і творчай дзейнасьці;
- на прадпрымальніцкую дзейнасьць;
- на свабоду выбару працы;
- на страйкі для абароны эканамічных і сацыяльных інтарэсаў;
- на адукацыю.
Пакуль што гэта адзіны выпадак канфіскацыі беларускіх грузавікоў на мяжы Ўкраіны з краінамі Эўропы. На Львоўскай мытні Свабодзе паведамілі, што такіх выпадкаў пакуль не зарэгістравалі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.