«Вы ўдарылі суседа нажом у сьпіну». ЗША і Эўразьвяз прызналі Беларусь саўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны

Амбасадар ЗША пры АБСЭ Майкл Карпэнтэр
Амбасадар ЗША пры АБСЭ Майкл Карпэнтэр

Эўрапейскі зьвяз і ЗША выступілі з заявамі наконт расейскай вайны ва Ўкраіне на паседжаньні Пастаяннай Рады АБСЭ ў Вене 7 сакавіка.

У заяве Эўрапейскага зьвязу расейскі напад на Ўкраіну, ініцыяваны Пуціным, называецца «найбольшай ваеннай агрэсіяй у Эўропе пасьля Другой сусьветнай вайны:

«Эўразьвяз рашуча асуджае наўмыснае, нічым не справакаванае, неапраўданае і жорсткае ўварваньне ў незалежную і сувэрэнную дзяржаву, і мы ў жаху ад разбуральных наступстваў, якія працягваюць разгортвацца»,— гаворыцца ў заяве.

«Расея пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі ў якасьці суагрэсара нясе поўную адказнасьць за гібель людзей, раненьні і разбурэньні... Мы таксама паўтараем наш заклік да Беларусі не дазваляць расейскай агрэсіі і выконваць свае міжнародныя абавязаньні».

З аналягічнай заявай у адрас Беларусі выступіў і амбасадар ЗША пры АБСЭ Майкл Карпэнтэр, якога цытуе «Голас Амэрыкі».

Як падкрэсьліў Майкл Карпэнтэр, тэрыторыя Беларусі была выкарыстаная як пляцдарм для нападу на суседнюю краіну.

Карпэнтэр, выступаючы ў панядзелак на паседжаньні Пастаяннай Рады АБСЭ ў Вене, падкрэсьліў, што «гэта хлусьня, быццам ЗША пацьвердзілі адсутнасьць беларускіх войскаў ва Ўкраіне».

Зьвяртаючыся да прадстаўніка Беларусі ў АБСЭ, Майкл Карпентэр сказаў:

«Вы ўдарылі суседа нажом у сьпіну. Не спрабуйце тут нават апраўдаць гэты факт. Вы саўдзельнік агрэсіі, ваша тэрыторыя была выкарыстаная як пляцдарм для жорсткага, варварскага нападу на суседнюю дзяржаву, і вы несяце за гэта адказнасьць».

5 сакавіка міністры замежных справаў «Вялікай сямёркі» абнародавалі заяву, у якой адзначаецца, што «расейская агрэсія адбылася пры папушчальніцтве Беларусі».

Раней Белы дом аб’явіў аб увядзеньні дадатковых санкцый супраць Расеі і яе хаўрусьніцы ў вайне супраць Украіны, Беларусі, у тым ліку аб пашырэньні мер экспартнага кантролю, накіраваных супраць нафтаперапрацоўчай прамысловасьці і арганізацый, якія падтрымліваюць расейскія і беларускія ўзброеныя сілы.

Эўразвяз таксама ўзгадніў чарговы пакет эканамічных санкцый супраць менскага рэжыму. Яны будуць уключаць дадатковыя абмежаваньні ў гандлі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, а таксама гумовыя вырабы. Эўразьвяз мае намер таксама пашырыць шэраг раней уведзеных абмежаваньняў.

Аб закрыцьці ўсіх сваіх праграм у Беларусі абʼявіў і Сусьветны банк.

​
XS
SM
MD
LG