Сьвятар ведае, што такое расейская агрэсія — раней ён служыў капэлянам у зоне АТА. Цяпер, у ваенны час, ізноў дапамагае духоўна вайскоўцам, і ня толькі ім.
«Нас бамбяць, не хапае лекаў, прадуктаў, але мы трымаемся!»
«У нас веруючая нацыя, народ, які намагаецца ўладкаваць сваё жыцьцё па запаветах Госпада. Цяпер нашых мірных людзей расстрэльваюць, на іх сыплюцца зь неба „Грады“, скідаюць 500-кіляграмовыя бомбы, якія не даюць шанцу выжыць. Гэта тычыцца і Чарнігава, дзе я служу. Нашы хлопцы, дый жанчыны, дзеці цяпер патрабуюць духоўнай падтрымкі. Бо хлопцам нялёгка — дванаццаць дзён ідзе вайна. Цяжка і жанчынам, якія хаваюцца ад бомбаў па падвалах. Сьвятар якраз пакліканы і можа даць такую падтрымку», — кажа айцец Антон.
Сытуацыя ў Чарнігаве цяжкая. «Шмат ахвяр сярод мірнага насельніцтва. Сям’я ўчора вырашыла выехаць на захад Украіны, але іх забілі расейскія вайскоўцы. Будынкі разьбітыя, мікрараёны разбомбленыя, сёньня зноў ідзе залпавы агонь па нашым горадзе і людзях. Не хапае лекаў, прадуктаў, ды шмат чаго. Але мы трымаемся!» — кажа сьвятар.
Апроч набажэнстваў, малітваў, споведзяў, ён аказвае людзям псыхалягічную дапамогу, каардынуе працу паміж валянтэрамі, дабрачыннымі арганізацыямі і вайскоўцамі.
«Хачу нагадаць такія словы: „На вайне няверуючых няма“. Нашы людзі, украінцы, сталі на абарону сваёй Бацькаўшчыны як адзін, ад малога да вялікага. Мы баранілі і будзем бараніць свае сем’і, бацькоў, дзяцей. Таму што гэта наш абавязак! Так, сьвятары вучаць любіць — нават ворагаў, як Хрыстос вучыў, і прабачаць. Мы будзем і прабачаць, і любіць — пасьля перамогі, калі выканаем свой абавязак па абароне Радзімы», — кажа айцец Антон.
«Расейская праваслаўная царква — не рэлігійная, а палітычная арганізацыя»
Ён кажа, што расейскія вайскоўцы ўсё робяць падступна і зьдзейсьнілі шмат ужо ваенных злачынстваў.
«Пад Чарнігавам разбамбілі сяло. Там не было аэрадрому, вайсковай базы, там нават нашых вайскоўцаў не было. Сяло проста зруйнавалі сыстэмамі залпавага агню. У Чарнігаве разбамбілі садкі, школы, жылыя мікрараёны. Гэта ваеннае злачынства», — кажа сьвятар.
Айцец Антон лічыць, што без Украіны Расея ня можа быць імпэрыяй, як яна хоча, таму пайшла вайной.
Ён зазначыў, што ўкраінскія сьвятары не асьвячаюць зброю, якой можна забіць чалавека — у адрозьненьне ад расейскіх.
«Дый выказваньні расейскіх герархаў і сьвятароў... Як можна да іх ставіцца? Сьвятар ня мае права ня тое што казаць, але і думаць пра такое, што кажуць яны. Сьвятар пакліканы да службы Богу, да таго, каб навучыць людзей любіць адзін аднаго, знаходзіць для рэалізацыі гэтага розныя інструмэнты, падтрымліваць чалавека. Я лічу, што Расейская праваслаўная царква зрабілася палітычнай, а не рэлігійнай арганізацыяй. У нашай Украіне няма розьніцы паміж канфэсіямі. Мы служым нашым хлопцам, вайскоўцам і бласлаўляем іх на тое, каб нават у гэты час яны заставаліся людзьмі. Мы падтрымліваем іх. Бо бараніць Радзіму і сваіх блізкіх — гэта сьвяты абавязак. Не нападаць — бараніць», — падкрэсьліў сьвятар.
«Яго трэба спыняць усім цывілізаваным сьветам»
Айцец Антон разумее, што адбылося ў Беларусі, адкуль ва Ўкраіну паляцелі ракеты.
«Мы былі сьведкамі, як беларускія ўлады зьнішчалі ўласны народ пасьля 2020 году. Мы бачылі, як Расея паглынала Беларусь, акупавала. Мы разумеем, якія там палітычныя рэжымы. Але мы спадзяваліся, што беларускія вайскоўцы і іх камандзіры ня будуць выконваць злачынныя загады», — кажа айцец Антон.
Ён хацеў бы, як і многія ўкраінцы, каб над Украінай закрылі неба.
«Закрыйце неба! Каб ня гінулі людзі, дзеці, кожны дзень і кожную ноч яны кідаюць на нас „Грады“ і бомбы. Калі ім не закрыць неба — яны зруйнуюць нашу Ўкраіну. Яго, гэтага іх лідэра, трэба спыняць усім цывілізаваным сьветам. Расея — краіна-агрэсар, краіна-тэрарыст. Яна нападала на Малдову, на Грузію. Калі яе не спыніць, гэта можа прывесьці да сусьветнага канфлікту. Расейцы жывуць у беднаце. Замест таго каб падтрымаць сваіх людзей, яны прыйшлі сюды і нясуць так званы „рускі мір“. Гэтая краіна — ня толькі праблема Ўкраіны. Гэта праблема ўсяго сьвету», — кажа сьвятар.
Ён просіць людзей дапамагчы Ўкраіне — маральна і матэрыяльна.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.