Дзяржаўны сакратар ЗША: Украіна мае ўсе шанцы перамагчы Расею

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен

Паводле Энтані Блінкена, адзін з мэтадаў вядзеньня вайны Расеяй — бязьлітаснасьць да мірнага насельніцтва.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен перакананы, што Ўкраіна можа выйграць вайну з Расеяй. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію ВВС.

Блінкен ня можа сказаць, колькі працягнецца канфлікт, але настойвае на тым, што параза Ўкраіны не непазьбежная. Ён шануе «надзвычайную стойкасьць» ўкраінскага народу:

«Калі Масква мае намер паспрабаваць зрынуць уладу і паставіць уласны марыянэткавыы рэжым, 45 мільёнаў украінцаў так ці інакш адкінуць гэта».

Дзяржаўны сакратар ЗША падкрэсьліў, што вайна ўжо пайшла ня так, як плянаваў расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Жорсткі супраціў украінскіх сілаў не дае расейцам прасоўвацца праз краіну. На поўдні расейскія войскі захапілі раёны, прылеглыя да Чорнага мора, а партовы горад Марыюпаль застаецца ў аблозе.

Аднак старшыня Мікалаеўскай абласной адміністрацыі заявіў, што ўкраінскай арміі ўдалося выбіць расейскія войскі з гораду. Харкаў, другі па велічыні горад Украіны, таксама ў аблозе.

Са словаў Энтані Блінкена, міжнародная супольнасць гатовая зрабіць усё, што можна, каб дапамагчы Ўкраіне, а таксама аказаць «вельмі балючы ціск на Расею, каб спыніць гэтую вайну за выбар, распачатую Уладзімірам Пуціным».

Адказваючы на пытаньне, ці перакананы ён, што Ўкраіна можа перамагчы, Блінкен адказаў:

«Зь цягам часу — абсалютна».

Ён сказаў, што расейскія войскі стасуюць усё больш жорсткія мэтады супраць мірнага насельніцтва — зьнішчаюць крытычную інфраструктуру, у выніку многія ўкраінцы пазбаўленыя вады, электрычнасьці і цяпла. Паводле Блінкена, адзін з мэтадаў вядзеньня вайны Расеяй — бязьлітаснасьць да мірнага насельніцтва.

Адказваючы на пытаньне, ці будуць Злучаныя Штаты дамагацца зьмены кіраўніцтва ў Маскве, каб спыніць уварваньне, Энтані Блінкен адказаў, што Злучаныя Штаты не дамагаюцца гэтага — гэта павінен вызначаць расейскі народ.

«Што я хацеў бы сказаць расейскаму народу: як гэтая агрэсіўная вайна адстойвае вашыя інтарэсы, вашыя патрэбы?» — дадаў ён.

​
XS
SM
MD
LG