Уноч на 4 сакавіка ў Энэргадары ішлі баі за Запароскую АЭС, пад раніцу яе пляцоўку захапілі расейскія войскі.
Запароская АЭС — найбуйнейшая ў Эўропе, на ёй 6 рэактараў, але толькі адзін зь іх цяпер працуе. У выніку абстрэлу на адным з будынкаў АЭС, вучэбным цэнтры, успыхнуў пажар, які ўдалося патушыць.
«Блёкі ЗАЭС засталіся цэлымі; ёсьць пашкоджаньні рэактарнага адсеку блёку № 1, што не ўплывае на бясьпеку блёку. Сыстэмы і элемэнты, важныя для бясьпекі АЭС, знаходзяцца ў працоўным стане. Зьменаў радыяцыйнага стану ў цяперашні час не зафіксавана», — заявілі ранкам 4 сакавіка ў Дзяржатамрэгуляваньні.
Якія яшчэ АЭС ёсьць ва Ўкраіне
- Чарнобыльская АЭС, праца якой спыненая. 25 лютага яе захапілі расейскія вайскоўцы. Усе энергаблёкі гэтай АЭС закрытыя з 2000 году. На гэтай станцыі 26 красавіка 1986 году адбылася катастрофа, якая сур'ёзна закранула і Беларусь.
- Ровенская АЭС у Валынскім Палессі, каля ракі Стыр за чатыры кілямэтры ад гораду Вараш. На станцыі чатыры энэргаблёкі.
- Хмяльніцкая АЭС у горадзе Няцешын Хмяльніцкай вобласьці. На станцыі працуюць два энергаблёкі і яшчэ два будуюцца.
- Паўднёва-Ўкраінская АЭС разьмешчана на берагах Паўднёвага Бугу ў горадзе Южнаўкраінск Мікалаеўскай вобласьці Украіны. На станцыі працуюць тры энэргаблёкі.