Журналісты праекту«Схемы» ўкраінскай службы Радыё Свабода вырашылі дасьледаваць адкрытыя старонкі ў сацыяльных сетках тых, чые імёны ў апублікаваным сьпісе 120 тысяч расейскіх вайскоўцаў, якія, паводле Цэнтру абарончых стратэгіяў, цяпер ваююць ва Ўкраіне.
Сярод тых, каго знайшлі журналісты Свабоды
Аляксандар Сазонаў значыцца старшым афіцэрам, маёрам. Яму 43 гады. Мяркуючы па старонцы ў расейскай сацыяльнай сетцы «Однокласники», ён зь вёскі Старышава Амурскай вобласьці Расеі (вобласьць мяжуе з Кітаем).
Сазонаў адзначае, што скончыў авіяцыйны ліцэй, служыў у вайсковай частцы 45179, мае жонку і траіх дзяцей.
Інтэр’еры на фатаздымках сьціплыя. Час ад часу Сазонаў выкладвае свае фота на прыродзе.
Яны з жонкай купаюцца ў мясцовым вадаёме.
Захапленьне жонкі Сазонава — вязаньне. Нядаўна яна зьвязала два танкі Т-34.
Старонка Сазонава запоўнена рэпостамі са старонак, якія ўсхваляюць Пуціна і зьдзекуюцца зь Зяленскага.
Яўгеній Саўрухін значыцца ў сьпісе падпалкоўнікам. На сваёй старонцы ў «Однокласниках» Яўген пазначыў, што яму 51 год, жыве ў Хабараўску, скончыў Далёкаўсходняе вышэйшае вайсковае вучылішча ва Ўсурыйску.
Саўрухін выклаў некалькі фота: з экскурсіі па Маскве на фоне Крамля;
зь вечарынкі зь сябрамі;
на фоне танку з надпісам «Мы в Берлине» 9 траўня;
некалькі фатаздымкаў у вайсковай форме ці камуфляжы.
Акрамя некалькіх іншых фота дачкі, Яўгеній амаль нічога больш не публікаваў.
Арцём Серабракоў значыцца старшым прапаршчыкам. Арцёму 39 гадоў, жанаты, мае дачку.
Ён піша, што жыве ва Ўладзівастоку і скончыў школу. Сярод фота — адпачынак зь сябрам на пляжы.
Яшчэ адно фота ў спартовым строі на фоне мора.
І фота зь вясельля.
На старонцы Серабракова няма палітычных допісаў.
Затое шмат такіх допісаў на старонцы Канстанціна Сугібіна. Ёсьць фота Пуціна з подпісам: «Сёньня вы прачнуліся ў мірнай дзяржаве дзякуючы гэтаму чалавеку».
А 28 лютага гэтага года яму спадабаўся гэты допіс:
Паводле фатаздымкаў, у Сугібіна трое дзяцей, ён жыве ў пасёлку Серышава (Амурская вобласьць), у сьпісе значыцца старшым прапаршчыкам.
У Андрэя Сьвярчкова на профілі ў сацыяльнай сетцы захавалася вясельнае фота. Сьвярчкоў значыцца ў сьпісе як малодшы афіцэр і капітан. У Андрэя шмат фатаздымкаў зь вясельля.
Нявеста п’е шампанскае:
На адным зь вясельных фатаздымкаў нават «прыфаташопленыя» Ўладзімір Пуцін і Дзьмітрый Мядзьведзеў.
Ёсьць некалькі фота са сьвятаў.
Алег Сон з Хабараўску. Паводле фота ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники», у яго двое дзяцей, скончыў Вайсковы авіяцыйны інжынерны ўнівэрсытэт. У сьпісе значыцца ў званьні падпалкоўніка. На старонцы Алега няма фота ў вайсковай форме. Затое ёсьць фота з пчальніку і каля ўсурыйскага тыгра.
У сьпісах АГС фігуруе і Цюмен Зандуеў з Улан-Удэ (Буратыя) — дата нараджэння адтуль супадае з той, якую ён назваў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники». Сам Цюмен апублікаваў фота з службы ў войску ў 2012 годзе — многія вайскоўцы фатаграфуюцца ў форме.
Сярод іншага, і ў вайсковай прыбіральні
Асобна Зандуеў выклаў фота ў форме ў 2015 годзе. Таксама, паводле зьвестак ЦАС, у 2016–2017 гадах служыў у пасёлку Зандын Мухаршыбірскага раёну Буратыі (Расея).
У сьпісе вайскоўцаў, апублікаваным Цэнтрам абарончых стратэгіяў, ёсьць і Данііл Білалаў.
У яго профілі ў сетцы «Одноклассники» пазначана, што ён жыве ў пасёлку гарадзкога тыпу Серышава Амурскай вобласьці.
Са старонкі ў сацыяльнай сетцы гэтага вайскоўца можна даведацца, што ён наведаў Харкаўскі заапарк ва Ўкраіне ў 2012 годзе. Любіць хадзіць на рыбу і фатаграфавацца побач з дарожнымі знакамі. Напрыклад, такіх: «Зьезд на сьметнік» і «Крыніца ў гонар сьв. прарока Ільлі» (абодва ўказальнікі на фота паказваюць у адзін бок).
На іншым фота Данііл у машыне з бутэлькай у руках. Пад допісам — камэнтар: «Зь якога боку стырно? ДАІ»
Журналісты Радыё Свабода таксама атрымалі чарговы сьпіс расейскіх вайскоўцаў і працягваюць яго аналізаваць.
Адзін з тых, хто ў гэтым сьпісе, — Сяргей Чушпаеў. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» ён піша, што родам зь вёскі Славянка Прыморскага раёну з адміністрацыйным цэнтрам ва Ўладзівастоку.
Яму споўнілася 30 гадоў напярэдадні расейскага наступу на тэрыторыю Ўкраіны. У сьпісе вайскоўцаў Чушпаеў мае афіцэрскае званьне, замацаваны за вайсковай часткай № 99333 са штабам ва Ўладзівастоку.
Альберт Чучвага ў сьпісе значыцца як старэйшы прапаршчык. Яму 42 гады, ён замацаваны за вайсковай часткай № 78018.
На яго старонцы ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» карыстальнікі называюць Чучвагу «сьнежным прапаршчыкам».
Сам ён паказвае, што жыве ў Прыморскім краі, г. зн. на крайнім усходзе Расейскай Федэрацыі.
Дзьмітрый Чушкін мае званьне маёра паводле сьпісу ЦАС. На яго старонцы ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» пазначана, што ён жыве ў СССР.
Яго вайсковая частка № 02492 знаходзіцца ў горадзе Белагорску Амурскай вобласьці, якая мяжуе з Кітаем.
Чушкін не хавае, што ён вайсковец, і публікуе фота ў форме.
Ніхто са згаданых у гэтай публікацыі вайскоўцаў не адрэагаваў на паведамленьне ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники».
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.