Латушка заклікаў краіны сьвету заявіць аб непрызнаньні Лукашэнкі прэзыдэнтам і абвясьціць яго ваенным агрэсарам

Лукашэнка паказвае мапу ваенных дзеяньняў супраць Украіны з тэрыторыі Расеі і Беларусі
Лукашэнка паказвае мапу ваенных дзеяньняў супраць Украіны з тэрыторыі Расеі і Беларусі

Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, якое ўзначальвае былы міністар культуры Павал Латушка, заклікала дзяржавы і арганізацыі сьвету ў тэрміновым парадку заявіць аб непрызнаньні Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі, а яго рэжым адкрыта назваць ваенным агрэсарам.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, былы чыноўнік і дыплямат Павал Латушка 2 сакавіка заклікаў кіраўніцтва ўсіх цывілізаваных краін сьвету і міжнародных арганізацый у тэрміновым парадку заявіць аб непрызнаньні Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам, а ягоны рэжым адкрыта назваць ваенным агрэсарам.

«Патрабую ўвядзеньня неадкладных магутных эканамічных санкцый — ідэнтычных і сынхранізаваных з санкцыямі супраць Расеі, якая разьвязала вайну з Украінай, — сказаў палітык. — Лукашэнка — прамы, актыўны і адзіны саюзьнік Расеі ў гэтай вайне. І сёньня Крэмль ня можа сабе дазволіць страціць свайго адзінага саюзьніка. Гэта тое, што стала б для яго надзвычай магутным ударам. Гэта выдатна разумеем мы, дэмакратычныя сілы Беларусі, гэта разумее Украіна, гэта разумее сам Пуцін, але не разумее Эўрапейскі зьвяз і ЗША».

Паводле Латушкі, афіцыйнае непрызнаньне Лукашэнкі прэзыдэнтам, непрызнаньне прызначанага ім ураду «з поўным разрывам любых дыпляматычных сувязяў зь ім, але не з краінай, адразу ж ператворыць яго ў поўны нуль у міжнародных адносінах». Гэта таксама «цалкам пазбавіць Пуціна магчымасьці фармальна прыкрываць сваю ваенную прысутнасьць і правядзеньне агрэсіі з тэрыторыі Беларусі згодай Лукашэнкі і яго ўраду».⠀

Палітык перакананы, што неабходна «выключыць усіх прадстаўнікоў Лукашэнкі зь міжнародных адносін і наднацыянальных органаў».

У той жа час «магутны пакет эканамічных санкцый» супраць банкаўска-фінансавай сістэмы, рэзерваў Нацбанку разам з адключэньнем Беларусі ад SWIFT і блякаваньнем доступу да рэсурсаў МВФ «дапаможа зьнішчыць Лукашэнку фінансава, пазбавіць яго магчымасьці падтрымліваць агрэсію Крамля». Аднак «ні першага, ні другога да гэтага часу так і не зроблена — ні з боку Эўразьвязу, ні з боку ЗША», заявіў ён.

«Я не прашу — я патрабую ад вас рашучых дзеяньняў. Вайна ўжо ідзе. І цяпер яна правярае на рашучасьць увесь цывілізаваны сьвет. Час дзейнічаць», — заклікаў Латушка.

​
XS
SM
MD
LG