Тэма расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны была галоўнай ў штогадовым звароце прэзыдэнта ЗША ў Кангрэсе аб становішчы спраў у краіне і сьвеце State of the Union.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў са сваёй першай прамовай «Аб становішчы спраў у краіне». Яна лічыцца галоўнай прамовай года, у якой кіраўнік дзяржавы інфармуе абедзьве палаты Кангрэсу аб сытуацыі ўнутры краіны і на міжнароднай арэне, а таксама выкладае прыярытэты сваёй палітыкі.
Вядучыя палітыкі ЗША стоячы віталі ўкраінцаў у асобе амбасадаркі Ўкраіны ў ЗША Аксаны Маркаравай. Многія кангрэсмэны трымалі ўкраінскія жоўтыя-блакітныя сьцягі.
«Вайна Пуціна стала наўмыснай і нічым не справакаванай. Ён адхіліў намаганьні ў дыпляматыі. Ён думаў, што Захад і NATO не дадуць адказу. І ён думаў, што можа нас падзяліць. Пуцін памыліўся. Мы былі гатовыя», — сказаў Джо Байдэн.
Сярод ганаровых гасьцей была амбасадарка Ўкраіны ў ААН Аксана Маркарава, а многія сэнатары і кангрэсмэны ад абедзьвюх партый выкарыстоўвалі ў сваім адзеньні жоўта-блакітныя колеры ўкраінскага сьцяга. Маркарава была асабістай госьцяй першай лэдзі ЗША Джыл Байдэн, якая абняла яе. Падчас гаворкі, Байдэн зьвярнуўся да Маркаравай — заля прывітала яе, прадстаўніцу Ўкраіны, авацыяй.
Традыцыйна прэзыдэнты выступаюць перад заляй, у якой прысутнічаюць усе чальцы адміністрацыі (за выключэньнем аднаго міністра, які ў мэтах бясьпекі знаходзіцца ўдалечыні ад Вашынгтона — на гэты раз у зале адсутнічала міністарка гандлю Джына Райманда), сэнатары і кангрэсмэны, чальцы Вярхоўнага суду, вайскоўцы, прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу і ганаровыя госьці (некаторых зь іх згадваюцца ў прэзыдэнцкай прамове).
Байдэн пачаў прамову з галоўнай палітычнай тэмы: нападу Расеі на Ўкраіну:
«Шэсьць дзён таму Уладзімер Пуцін вырашыўся патрэсьці асновы свабоднага сьвету, думаючы, што прымусіць яго схіліцца пад яго пагрозамі. Але ён сур’ёзна памыліўся».
Байдэн выказаў павагу і захапленьне мужнасьцю ўкраінскага народа, які стаў ахвярай расейскай агрэсіі і падкрэсьліў: «Так, мы, Злучаныя Штаты, разам з украінскім народам».
«На працягу нашай гісторыі мы засвоілі гэты ўрок — калі дыктатары ня плацяць цану за сваю агрэсію, яны выклікаюць яшчэ большы хаос. Яны працягваюць рухацца. А цэны і пагрозы для Амэрыкі і сьвету працягваюць расьці», — сказаў Байдэн, які падкрэсьліў, што Пуцін занядбаў міжнародныя намаганьні ў прадухіленьні вайны.
«Вайна Пуціна стала наўмыснай і не справакаванай. Ён адкінуў намаганьні дыпляматыі. Ён думаў, што Захад і NATO не адрэагуюць. І ён думаў, што зможа падзяліць нас тут, дома. Пуцін памыліўся. Мы былі гатовыя, — сказаў прэзыдэнт ЗША. — Мы супрацьпаставілі праўду расейскай хлусьні. І зараз вольны сьвет заклікае яго да адказу».
Байдэн адзначыў, што Пуцін ізаляваны ў сьвеце, як ніколі раней. Прэзыдэнт пералічыў санкцыі, якія ЗША наклалі на расейскія дзяржаўныя структуры і алігархаў. Байдэн абʼявіў, што ЗША закрываюць сваю паветраную прастору для расейскіх самалётаў.
Пасьля гэтага прэзыдэнт расказаў аб дапамозе Ўкраіне і ўкраінцам «у іх барацьбе за свабоду».
Байдэн яшчэ раз падкрэсьліў, што войскі ЗША ня будуць прымаць удзел у вайне, але гатовы абараняць «кожную цалю» тэрыторыі саюзьнікаў па NATO.
Джо Байдэн таксама абвясьціў, што ЗША і 30 іншых дзяржаў выдзяляюць 60 млн барэляў нафты са сваіх рэзэрваў (ЗША — 30 млн барэляў), каб зьнізіць цэны на энэрганосьбіты, якія вырасьлі праз расейскае ўварваньне.
«У бітве паміж дэмакратыяй і аўтакратыяй дэмакратыі падняліся, каб даць адпор і сьвет зрабіў адназначны выбар на карысьць міру і бясьпекі», — сказаў Байдэн.
Ён адзначыў, што «пуцінская вайна з Украінай аслабіць Расею і ўзмоцніць астатні сьвет».
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.