Мусіць, нечаканы эфэкт далі заходнія эканамічныя санкцыі супраць Расеі, якія могуць прывесьці да вельмі нэгатыўных наступстваў для эканомікі хаўрусьніка. У выніку можа атрымацца, што расейскі «Тытанік» пацягне за сабой у прорву і Беларусь. Расея, якая доўгі час была чыньнікам падтрымкі беларускай сацыяльнай мадэлі, ратавальнікам рэжыму Лукашэнкі, ператвараецца для яго ў крыніцу вялікіх праблемаў.
Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што Лукашэнка апраўдваўся. Ён імкнуўся даказаць, што Расея у саюзе зь Беларусьсю мае рацыю, пачынаючы вайну. А Ўкраіна сама вінаватая, што на яе напалі. Апраўдваўся за прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі, іх выкарыстаньне дзеля вайны з паўднёвым суседам.
Калі чалавек апраўдваецца, то значыць, разумее, што трапіў у засаду. Бо ня толькі ўцягнуў краіну ў ваенную авантуру Рсаеі, што можа мець самыя нэгатыўныя наступствы. Мяняецца яго пэрсанальны статус. Адна рэч — вобраз жорсткага дыктатара, які парушае правы ўласных грамадзян. Іншая рэч — саўдзел у агрэсіі. Пуціна ўжо аб’яўляюць ваенным злачынцам. Апынуцца ў гэтым шэрагу — няўдзячная пэрспэктыва.
Важна адзначыць, што цяпер Лукашэнка быў больш адназначным у заявах пра тое, што беларускае войска не ўдзельнічае і не зьбіраецца ўдзельнічаць у вайне на тэрыторыі Ўкраіны. Бо раней — напрыклад, 24 лютага — ён яшчэ казаў, што маўляў, паглядзім, калі будзе патрэбна, то мы будзем ваяваць на баку Расеі. Цяпер жа ён заявіў: «Мы і надалей не зьбіраемся ўдзельнічаць у гэтай спэцаперацыі ва Ўкраіне. Няма такой неабходнасьці».
Цікава, што цяпер Лукашэнка спрабуе атрымаць максымальны палітычны капітал з таго факту, што перамовы дэлегацыяў Расеі і Ўкраіны праходзяць на тэрыторыі Беларусі. Ён зноў, як пасьля Крыму, імкнецца надзець ня сябе тогу міратворца. Макей невыпадкова зьявіўся на Прыпяці, каб зафіксавацца перад тэлекамэрамі. А Лукашэнка на нарадзе доўга распавядаў, як лоўка арганізаваў гэтыя перамовы. Ён спадзяецца, што статус міратворца, пасярэдніка, мадэратара перамоваў павінен неяк зьмікшаваць вобраз агрэсара і дапаможа атрымаць індульгенцыю ад міжнароднай супольнасьці.
Яшчэ адна задача, якую ставіў Лукашэнка, — гэта неяк супакоіць грамадзтва. Маўляў, ваяваць ня будзем. Таму ня варта бегчы ў банкі, стаяць у чэргах, каб купляць валюту, усё будзе нармальна.
Аднак ёсьць адна фундамэнтальная праблема, якая не дазваляе вырашыць усе гэтыя праблемы. Лукашэнку ня вераць. Гэта тычыцца і беларусаў, і замежных суб’ектаў. І, здаецца, з гэтым ужо нічога нельга зрабіць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.