Днём 28 лютага Харкаў перажыў маштабны абстрэл з боку расейскіх войскаў. Экспэрты паведамілі, што ўжываліся ня толькі рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Град», зь якіх горад абстрэльвалі ў папярэднія дні, але і больш магутныя сыстэмы залпавага агню «Ураган» і «Смерч», у тым ліку з касэтнымі боепрыпасамі, а таксама фугасныя авіябомбы, якія скідала на горад авіяцыя.
Улады гораду паведамілі, што ў выніку толькі гэтага абстрэлу загінулі 11 чалавек, больш за сотню параненыя. Генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава расказала пра выпадак, калі расейскі снарад трапіў у акно жылога дому і параніў пажылую жанчыну. Ёй адарвала нагу выбухам і пазьней яна памерла ў шпіталі. У горадзе разбураныя дзясяткі жылых дамоў.
Руслан Левіеў з дасьледчай групы Conflict Intelligence Team лічыць, што Расея ва Ўкраіне пераходзіць «да старой тактыкі, якая ўжывалася і ў Чачні, і ў Сырыі», з выкарыстаньнем артылерыі і баявой авіяцыі, каб павялічыць колькасьць чалавечых ахвяраў. «Гэта зьяўляецца ваенным злачынствам з пункту гледжаньня міжнароднага права», — падкрэсьлівае ён.
Цалкам размову на відэа можна прачытаць тут.