Абаронцы ўкраінскага вострава Зьмяіны жывыя. Яны ў расейскім палоне

Востраў Зьмяіны
Востраў Зьмяіны

Расейцы ў парушэньне міжнародных пагадненьняў таксама захапілі цывільнае судна «Сапфір», якое прыплыло на дапамогу.

Усе 13 памежнікаў Украіны, якія баранілі востраў Зьмяіны ў Чорным моры, жывыя. Раней была інфармацыя, што іх усіх расстралялі расейскія захопнікі. Насамрэч іх трымаюць у палоне, піша ВМС Украіны.

Цывільнае судна «Сапфір» прыбыло на Зьмяіны, пачуўшы інфармацыю пра тое, што на ім могуць быць забітыя і параненыя. Але ў выніку экіпаж судна-некамбатанта расейцы захапілі таксама.

«Незаконны захоп цывільнага карабля, які не выконваў баявых дзеяньняў, які не выконваў ніякіх ваенных задач, зьяўляецца парушэньнем правілаў і звычаяў вайны і міжнароднага гуманітарнага права», — адзначылі ў ВМС.

Украінскі бок адзначыў, што абстрэлы расейскіх баявых караблёў не дазволілі накіраваць дапамогу на востраў. У той жа час расейскі бок стаў распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што Ўкраіна пакінула сваіх вайскоўцаў у бядзе.

Інфраструктура Зьмяінага, паводле інфармацыі ўкраінцаў, цалкам зьнішчана акупантамі.

​
XS
SM
MD
LG