Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн ухваліў адпраўку яшчэ 7 тысяч вайскоўцаў у Нямеччыну


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Пэнтагон паведаміў, што войскі адправяцца ў найбліжэйшыя дні.

Прэзыдэнт Джо Байдэн ухваліў адпраўку яшчэ 7 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў у Нямеччыну, у выніку чаго агульная колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў, накіраваных у Эўропу ў гэтым месяцы, дасягне 12 тысяч. Пра гэта інфармуе Голас Амэрыкі.

Дадатковы кантынгент, які разгортваецца ў Нямеччыне, будзе ўключаць бранятанкавую брыгадную баявую групу з «адпаведнымі рэсурсамі і сродкамі», гаворыцца ў заяве Пэнтагону.

Войскі адправяцца «найбліжэйшымі днямі», гаворыцца ў заяве.

Паведамленьне зьявілася неўзабаве пасьля таго, як Байдэн заявіў журналістам у Белым доме, што ён плянуе накіраваць дадатковыя войскі.

«Я таксама абмяркоўваў зь міністрам абароны [Лойдам] Осьцінам і старшынём Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў генэралам [Маркам] Мілі падрыхтоўку да дадатковых крокаў, калі яны будуць неабходнымі для абароны нашых саюзьнікаў па NATO і падтрымкі найвялікшага вайсковага альянсу ў гісторыі сьвету — NATO», — сказаў ён.

Байдэн дадаў, што войскі не адправяцца ва Ўкраіну і неябудуць «удзельнічаць у канфлікце», а мэта іх разгортваньня — заспакаеньне саюзьнікаў па NATO.

Рашэньне было прынятае на фоне ўвядзеньня санкцый Злучанымі Штатамі і іх саюзьнікамі супраць расейскай эканомікі і банкаўскай сыстэмы ў сувязі з баявымі дзеяньнямі расейскіх войскаў ва Ўкраіне.

У гутарцы з журналістамі ў Пэнтагоне ў чацьвер высокапастаўлены супрацоўнік міністэрства абароны заявіў, што канчатковай мэтай Масквы зьяўляецца «абезгалоўліваньне ўраду» і ўстанаўленьне ў Кіеве прарасейскай улады.

У ходзе шматвэктарнага наступленьня, якое пачалося незадоўга да сьвітаньня, расейскія войскі выпусьцілі больш за 100 балістычных ракет па вайсковых цэлях, уключаючы аэрадромы і склады боепрыпасаў па ўсёй краіне.

Сухапутныя войскі і авіяцыя таксама парушылі межы Ўкраіны з усходу ў раёне Харкава, з поўдня ў раёне Адэсы, і з поўначы з боку Беларусі. Напад суправаджаўся паветранымі ўдарамі і атакамі зь верталётаў.

У адказ на гэта генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг у чацьвер надзяліў амэрыканскага генэрала Тода Уолтэрса, вярхоўнага галоўнакамандуючага аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе, паўнамоцтвамі па мабілізацыі сіл рэагаваньня NATO колькасьцю 40 тысяч чалавек.

Чыноўнік NATO заявіў газэце Politico, што Ўолтэрс яшчэ не прыняў рашэньня аб мабілізацыі сіл, што прывядзе да таго, што яшчэ 8500 вайскоўцаў далучацца да буйнейшага кантынгенту.

Уолтэрс хацеў атрымаць паўнамоцтвы на раньняй стадыі, каб мець магчымасьць дзейнічаць хутка, як толькі ён убачыць неабходнасьць у актывацыі і разгортваньні сіл.

Выступаючы ў Брусэлі, Столтэнбэрг заявіў, што альянс «вырашыў актывізаваць свае абаронныя пляны на патрабаваньне нашага вышэйшага вайсковага камандзіра генэрала Тода Ўолтэрса», што «дазволіць разгарнуць сілы і сродкі, уключаючы сілы рэагаваньня NATO, там, дзе яны неабходныя».

Паводле папярэдніх ацэнак Пэнтагону, расейская апэрацыя ўсё яшчэ знаходзіцца на раньніх стадыях, і ня ўсе расейскія войскі, разьмешчаныя каля межаў Украіны, увайшлі ў суседнюю краіну.

Чыноўнік ня выключыў перадысьлякацыю амэрыканскіх войскаў у межах Эўропы або прыбыцьця дадатковых сіл з ЗША для ўмацаваньня саюзьнікаў па NATO, якія мяжуюць з Расеяй і Беларусьсю: Польшчы, Латвіі, Літвы і Эстоніі.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG