Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч: «„Чырвоны чалавек“ зноў падняўся і дае нам бой. Спадзяюся, апошні»


Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота
Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота

Беларуская пісьменьніца і нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч у інтэрвію DW выказалася пра абвешчаную Пуціным вайну супраць Украіны.

Апошнія тыдні Сьвятлана Алексіевіч уважліва сачыла за тым, што адбываецца ва Ўкраіне, але яшчэ літаральна ўчора не магла сабе ўявіць, што пачнецца вайна і рэальныя баявыя дзеяньні. У пачатку лютага яна дыскутавала зь пісьменьніцай Гертай Мюлер і пераконвала яе, што «Пуцін не вар’ят» і ня можа так зрабіць. «Аказваецца, можа», — са шкадаваньнем кажа нобэлеўская ляўрэатка.

Пра тое, навошта Пуціну вайна

Думаю, ён пачуваецца мэсіяй. Рэдкі чалавек можа застацца ва ўладзе так доўга і выстаяць перад яе спакусай, як, напрыклад, здолела Ангела Мэркель. Пасьля двух тэрмінаў пачынаецца адрыў чалавека ад рэальнасьці, ён жыве ва ўласнай прасторы, якая выбудоўваецца з кавалкаў зносін са сваім асяродзьдзем. А такія людзі ў асноўным маюць зносіны зь сілавікамі. Аляксандра Дугіна ў 1990-я, у часы дэмакратыі, лічылі маргіналам. А сёньня гэта прыдворны філёзаф Пуціна.\

Аб магчымасьці пратэставых настрояў сярод расейскага грамадзтва

«У мяне вялікія сумневы [у тым, што Расея „прачнецца“]. Магчыма, толькі калі зьявяцца першыя труны. Чамусьці здаецца, што загінулых будзе шмат.

Расейскаму народу патрэбен час. У яго цяпер нейкая анэмія, ён быццам у летаргічным сьне ад таго, што перажыў, ад таго, што шмат чаго не прагаворана ў грамадзтве. А гэта так важна. Немцы гавораць і гавораць аб нацызьме, хоць столькі гадоў прайшло. Ужо некаторыя нават выступаюць супраць: „Колькі можна каяцца?“ А яны каюцца і каюцца, бо, напэўна, не давяраюць чалавечай прыродзе. І гэта дае плён: у гэтым грамадзтве прыемна жыць, улада знаходзіцца ў руках у разумнай большасьці.

Хутчэй людзі выйдуць і будуць пратэставаць у Нямеччыне, Партугаліі, Гішпаніі. Наконт расейцаў — ня ведаю. Зь беларусамі больш зразумела: выйсьці на вуліцу цяпер — значыць трапіць у турму, дзе зь людзей жорстка зьдзекуюцца».

Пра тое, на што здольная пуцінская Расея

«Тое, што мы сёньня назіраем, — гэта 1930-я гады, калі да ўлады ў Нямеччыне прыйшоў чалавек і сказаў: «Я падыму вас з каленяў, мы будзем вялікай дзяржавай». Пачынаў ён гэтак жа сама: вяртаў «свае» землі — Судэты, тэрыторыю Польшчы. А потым пайшоў заваёўваць увесь сьвет. Па-мойму, так пачынаецца фашызм. Зусім зразумела, што Пуцін ня спыніцца на бамбаваньні Ўкраіны; напэўна, будуць акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі, пачнецца доўгая партызанская вайна. Бо ўкраінцы ня тыя людзі, якіх можна проста разагнаць.

Але яны не хацелі ваяваць і ўвесь час шукалі шляхі для перамоваў аб Данбасе. Цяпер многія гатовы абараняць сваю Радзіму. У цэлым у мяне сёньня нават не стае слоў, каб зразумець тое, што адбылося, і дакладна пракамэнтаваць. Дарэчы, вырашыла, што кніга пра Беларусь ня будзе заканчвацца толькі нашымі праблемамі. У ёй будзе выйсьце на вайну, на тое, што адбываецца. Што «чырвоны чалавек» не памёр — ён зноў падняўся і зноў дае нам бой. Спадзяюся, апошні.

Пра Аляксандра Лукашэнку

"Ня думаю, што ён хоча ўдзельнічаць у вайне з украінцамі. Але ён будзе пастаўлены перад фактам. Яго абмыюць крывёй, як ён сам абмыў сваіх сілавікоў. Гэты прынцып усюды дзейнічае аднолькава. Яны ж не жывуць па законах дыпляматыі, грамадзянскай супольнасьці. Гэта ўсё — ня хочацца прамаўляць гэтыя словы — бандыцкія паняцьці.

Пра зварот Пуціна да грамадзян Расеі

«Калі я слухала лекцыю Пуціна пра памылкі Леніна, у мяне паўстала пытаньне: дзе ён нахапаўся гэтай няпраўды, гэтых паўведаў, якія яму ўнушыла бязграматнае асяродзьдзе? Быццам Украіна — гэта выпадковая краіна з больш як 40 мільёнамі жыхароў. Хаця за сябе і сваю свабоду яна ваявала яшчэ з часоў Кацярыны Другой.

Пра тое, як прыход расейскіх войскаў ва Украіну з тэрыторыі Беларусі можа паўплываць на адносіны паміж украінцамі і беларусамі

«Пра гэта павінен думаць Лукашэнка, калі ён называе сябе галоўнакамандуючым. Інакш гэтая адкрытая рана надоўга застанецца ў гісторыі. Украінцы апошнім часам перанесьлі столькі выпрабаваньняў і панесьлі шмат ахвяр. Для іх удар ад Беларусі — гэта як удар у сьпіну, здрада. Нядаўна я глядзела рэпартаж журналістаў, якія гутарылі зь людзьмі, якія жывуць на беларуска-ўкраінскай мяжы. „Што вы? Беларусы — нашы браты, яны ніколі ня будуць у нас страляць“, — сказалі ўкраінцы. І вельмі падобна адказвалі беларусы: „А што нам зрабілі ўкраінцы? Нічога“. Простыя людзі разумнейшыя за палітыкаў. Сёньня нашы грамадзтвы абагналі іх».

Пра ўкраінцаў

«Украінцы вельмі горды народ — я ўсё дзяцінства правяла сярод іх. Што б яны зараз ні рабілі — хадзілі па вуліцах, размаўлялі адзін з адным — над імі цяпер вайна. Але нават вайной гэта нельга назваць — гэта здрада, калі браты раптам усаджваюць у сьпіну нож. Я ня думала, што сама апынуся на вайне, калі ўвесь час разглядала яе збоку, нават калі была ў Афганістане. А цяпер мы на вайне.

Страшна ўявіць сабе, што будзе зь людзьмі, якія будуць ваяваць. Яны ж думалі жыць у будучыні, а не ў мінуўшчыне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG