На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітоляг, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў.
Марозаў
- Усе краіны сьвету будуць кваліфікаваць расейскую вайсковую апэрацыю як агрэсію. Лукашэнка зрабіў усё магчымае, каб такая агрэсія ажыцьцявілася ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. І Лукашэнка будзе трактавацца як агрэсар разам з Пуціным.
- Заявы Пуціна, Пяскова і сьпікера Дзярждумы Валодзіна сьведчаць пра тое, што мэтай апэрацыі — захоп ці зьнішчэньне кіраўніцтва Ўкраіны, у тым ліку і прэзыдэнта Зяленскага, словам, зьмяніць уладу ў Кіеве.
- NATO ня хоча інтэрнацыяналізацыі канфлікту. Але некалькі краінаў маглі б аказаць вайсковую падтрымку Ўкраіне для абароны яе кіраўніцтва ў Кіеве. Гэта не ўцягнула б Эўропу ў вайну, але было б добрым сыгналам для Крамля.
- Пазыцыя Захаду будзе мяняцца. Захад рыхтаваўся да шматмесячнай эскаляцыі. Але такога рашэньня чакалі нямногія. І зараз гучаць галасы на карысьць самых жорсткіх дзеяньняў. Будуць перагледжаныя ўсе эканамічныя сувязі Расеі з замежжам, ня толькі з Захадам.
- На мой погляд, Кітай ня ўхваліць гэтую апэрацыю Пуціна, бо гэта разбурае камунікацыі Кітая праз Расею ў Эўропу. Непазьбежная міжнародная кваліфікацыя Расеі як краіны-агрэсара, і Кітаю давядзецца мець з гэтым справу.
- Крэмль даў зразумець, што будзе дамагаецца неўмяшальніцтва іншых краінаў у гэты канфлікт, пагражаючы ядзернай зброяй. Крэмль паказаў вучэньні балістычных ракетаў. У сваёй сёньняшняй заяве Пуцін абяцаў краінам, якія падтрымаюць Украіну, наступствы, зь якімі яны не сутыкаліся ў сваёй гісторыі.
- Захаду давядзецца мець справу з гэтай пагрозай. Гэты канфлікт можа прывесьці да вялікай вайны. На Захадзе будуць галасы, што ў гэтай сытуацыі кропку ставіць трэба зараз. Ядзерная дзяржава пагражае парушыць глябальную бясьпеку. Я мяркую, што будзе абмяркоўвацца ваенны адказ. Заходнім лідэрам давядзецца вырашаць, чым яны адкажуць на ядзерны шантаж і дзе яго мяжа.
- Крамлю было б выгадна інтэрнацыяналізаваць канфлікт, паказаць, што два славянскія народы змагаюцца з «нацысцкай» уладай у трэцяй. Гэта цынічна і падступна, але контур гэтага зразумелы.
- Пуцін можа выкарыстаць беларускую армію не супраць Украіны, а супраць Літвы ці Польшчы.