Украіна вызначылася з пазыцый на перамовах з Расеяй, якія заплянавалі на беларуска-ўкраінскай мяжы

Мужчына сядзіць ля свайго разбуранага будынка пасля выбуху ў горадзе Чугуеў на ўсходзе Ўкраіны 24 лютага 2022
Мужчына сядзіць ля свайго разбуранага будынка пасля выбуху ў горадзе Чугуеў на ўсходзе Ўкраіны 24 лютага 2022

Лідэр дэпутацкай фракцыі партыі «Слуга народа» ў Вярхоўнай Радзе Давід Арахамія, накіраваны 28 лютага для ўдзелу ў перамовах з Расеяй на ўкраінска-беларускай мяжы, на рацэ Прыпяці, паведаміў пра пазыцыю, зь якой ён зьбіраецца выступіць.

«Перамовы пойдуць альбо ў патрэбным Украіне кірунку, альбо як расейскі баявы карабель (г. зн. прапановы будуць адхіленыя — Рэд.)», — напісаў Арахамія ў ноч на 28 лютага.

Арахамія мае ўвазе адказ абаронцаў вострава Зьмяіны на ўльтыматум расейскім караблям, якія атачылі яго і прапанавалі здацца: «Русский военный корабль, ідзі на ...».

Адказваючы на камэнтарыі ў Facebook, Арахамія напісаў: «Мы выслухаем прапановы. А потым будзем абмяркоўваць, варта гэта ці не».

Чакаецца, што перамовы пачнуцца раніцай 28 лютага.

Як рыхтуюцца перамовы

27 лютага, агучваючы пасьля размовы з Аляксандрам Лукашэнкам, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў: «Лукашэнка папрасіў, каб украінская і расейская дэлегацыі сустрэліся на рацэ Прыпяць. Падкрэсьліваю — без усялякіх умоваў. Скажу шчыра, як заўсёды, — я ня вельмі веру ў вынік гэтай сустрэчы, але няхай паспрабуюць».

Прэзыдэнт Украіны дадаў, што ня супраць такой сустрэчы, каб «тады ні ў воднага грамадзяніна Украіны не было сумненьняў у тым, што я як прэзыдэнт не спрабаваў спыніць вайну, калі быў маленькі, але ўсё ж шанец».

Раней 27 лютага Зяленскі заявіў, што Лукашэнка ўзяў на сябе адказнасьць за тое, каб усе самалёты, верталёты і ракеты, якія знаходзяцца ў Беларусі, заставаліся на зямлі падчас паездкі, перамоў і вяртаньня ўкраінскай дэлегацыі.

Паводле яго, мінулая ноч «была цяжкай».

Чаму Ўкраіна адмовілася ад Менска і Гомля як пляцоўкі прерамоваў

На другі дзень расейскага ўварваньня прэсавы сакратар прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага Сяргей Нікіфараў заявіў, што Ўкраіна не адмаўлялася ад перамоваў з Расеяй і што бакі кансультуюцца наконт месца і часу перамоўнага працэсу.

25 лютага ў Крамлі заявілі, што Пуцін гатовы накіраваць у Менск дэлегацыю на ўзроўні прадстаўнікоў Мінабароны, МЗС і Адміністрацыі прэзыдэнта для правядзеньня перамоў з украінскім бокам. Потым яны накіравалі такую дэлегацыю ў Гомель, але Ўкраіна на паслала сваіх прадстаўнікоў, бо зь Беларусі ідзе агрэсія супраць Расеі.

27 лютага прэс-сакратар прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага Сяргей Нікіфараў заявіў, што на перамовах у Гомелі, куды прыбыла расійская дэлегацыя, не будзе прадстаўнікоў Украіны.

«Мы таксама чулі заявы, што расейская дэлегацыя прыбыла ў Гомель на перамовы. Трэба сказаць, што прадстаўнікоў Украіны там ня будзе. Гэты фармат сапраўды абмяркоўваўся. Але ў апошні момант расейскія перамоўшчыкі запатрабавалі ад украінскай арміі спачатку скласьці зброю. Пры гэтым ім адразу ж паступіла прапанова пайсьці за „расейскім караблём“. Таму іх цяперашнія заявы і рашэньні, нягледзячы ні на што, дэманстратыўна ехаць у Гомель — гэта толькі інфармацыйны ціск і спроба перакласьці адказнасьць за правал на Украіну. Гэта няпраўда», — сказаў прэс-сакратар.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 27 лютага заявіў, што Менск не можа быць пляцоўкай для перамоваў аб спыненьні вайны Расіі супраць Украіны і што перамовы павінны адбывацца ў любым іншым горадзе «ў краіне, дзе не лятаюць ракеты».

​
XS
SM
MD
LG