Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Кіеву хаваюцца аб расейскіх абстрэлаў у мэтро. 24 лютага
Жыхары Кіеву хаваюцца аб расейскіх абстрэлаў у мэтро. 24 лютага

Расея напала на Ўкраіну, Лукашэнка падтрымаў агрэсію. Хроніка баявых дзеяньняў і сусьветная рэакцыя 24 лютага

абноўлена
  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны. Выявілася, што ягоны зварот быў запісаны яшчэ 21 лютага.
  • Расея абстрэльвае практычна ўсю тэрыторыю Ўкраіны, атакуе з шасьці накірункаў: ад Краматорска і Харкава да Кіеву і Івана-Франкоўска.
  • Па стане на 24:00 па Менскім часе, паводле афіцыйнага Кіеву, у выніку ваенных дзеяньняў Расеі загінулі 137 чалавек, параненых было 316 чалавек.
  • Расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС, частку Херсонскай вобласьці і востраў Зьмяіны ў Чорным моры.
  • Украінскі бок абвінаваціў Беларусь ва ўдзеле ў расейскай агрэсіі. Шмат танкаў і вайсковай тэхнікі заўважылі на беларуска-ўкраінскай мяжы
  • Тысячы ўкраінцаў спрабуюць выехаць у суседнія краіны: Малдову, Польшчу. На межах вялікія чэргі.
  • ЗША ўвялі «зьнішчальны» пакет санкцыяў супраць Расеі, а таксама новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
  • У многіх гарадах Эўропы прайшлі акцыю пратэсту супраць расейскай агрэсіі і ў падтрымку ўкраінскага народу. Акцыю ў Маскве жорстка разагналі.
07:08 24.2.2022

А 5-ай гадзіне раніцы Пуцін абвясьціў вайну Ўкраіне

Рана раніцай 24 лютага прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвясьціў, што па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР» прыняў рашэньне аб пачатку спэцапэрацыі на Данбасе. Ён сказаў, што ў пляны Расеі не ўваходзіць акупацыя ўкраінскіх земляў і заклікаў украінскіх вайскоўцаў скласьці зброю і «ісьці дадому».

«Згодна з арт. 51 Статуту ААН з санкцыі Савета Фэдэрацыі вырашыў правесьці спэцыяльную ваенную апэрацыю... Мы будзем дамагацца дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны», — заявіў Пуцін у эфіры каналу «Расія-24».

«Ні ў каго не павінна быць сумненьняў у тым, што прамы напад на Расею прывядзе да паразы і страшных наступстваў для патэнцыйнага агрэсара», — сказаў ён.

07:09 24.2.2022

Паведамляюць пра выбухі ў Краматорску, Харкаве і Кіеве

Як мінімум чатыры выбухі прагрымелі ў Краматорску, магутны выбух у Адэсе, Бярдзянску і пачатак моцных абстрэлаў на Данбасе.

Ва ўкраінскай сталіцы выбухі пачулі жыхары Пазьнякоў і Троешчыны. Тым часам у раёне аэрапорта Барыспаль прагрымелі выбухі і страляніна.

07:10 24.2.2022

Ракетныя ўдары па вайсковых цэнтрах кіраваньня, аэрадромах і ваенных складах

Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка паведаміў, што на досьвітку 24 лютага фіксуюцца ракетныя ўдары па вайсковых цэнтрах кіраваньня, аэрадромах і ваенных складах у некалькіх гарадах Украіны.

«Уварваньне пачалося. Толькі што былі нанесены ракетныя ўдары па вайсковых цэнтрах кіраваньня, аэрадромах і ваенных складах у Кіеве, Харкаве і Дняпры. Ідзе артылерыйскі абстрэл мяжы», – паведаміў ён у Facebook.

Герашчанка дадаў, што на мяжы працягваюцца перастрэлкі.

«Новая геапалітычная рэальнасьць сёньня ў сьвеце. Або Ўкраіна і сьвет зараз спыняць новага «Гітлера», або будзе Трэцяя сусьветная вайна», – дадаў дарадца міністра ўнутраных спраў.

07:12 24.2.2022

Што сказаў Пуцін перад пачаткам вайны

Рана раніцай 24 лютага прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвясьціў, што па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР» прыняў рашэньне аб пачатку спэцапэрацыі на Данбасе. Ён сказаў, што ў пляны Расеі не ўваходзіць акупацыя ўкраінскіх зямель. Ён заклікаў украінскіх вайскоўцаў скласьці зброю і «ісьці дадому».

«Згодна з арт. 51 Статута ААН з санкцыі Савета Фэдэрацыі вырашыў правесьці спэцыяльную ваенную апэрацыю... Мы будзем дамагацца дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны», — заявіў Пуцін у эфіры канелу «Расія-24».

«Мы будзем імкнуцца да дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Ўкраіны. А таксама перадача ў суд тых, хто ўчыніў шматлікія крывавыя злачынствы супраць мірнага насельніцтва, у тым ліку грамадзян Расійскай Фэдэрацыі», — сказаў Пуцін.

07:12 24.2.2022

Джо Байдэн: «Малітвы ўсяго сьвету сёньня з народам Украіны Сьвет закліча Расею да адказу»

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў з экстраным зваротам з прычыны пачатку вайны Расеі супраць Украіны.

«Малітвы ўсяго сьвету сёньня з народам Украіны, які пакутуе ад несправакаванага і неапраўданага нападу расейскіх узброеных сіл. Прэзыдэнт Пуцін абраў наўмысную вайну, якая прынясе катастрафічныя чалавечыя ахвяры і пакуты».

Ён сказаў, што раніцай сустрэнецца з калегамі з G7, а потым пагорыць з амэрыканскім народам, каб абвясьціць аб далейшых наступствах для Расеі за пачатак ваенных дзеяньняў. Цяпер праходзіць тэрміновае пасяджэньне Рады бясьпекі ААН па Ўкраіне.

07:13 24.2.2022

Пуцін папярэдзіў Лукашэнку пра вайну

Прыкладна ў 5 раніцы сёньня адбылася тэлефонная размова Пуціна і Лукашэнкі, паведаміў ТГ-канал «Пул первого»:

«Пуцін праінфармаваў беларускага калегу аб сытуацыі на мяжы з Украінай і на Данбасе».

07:19 24.2.2022

Расея закрыла паветраную прастору ўздоўж мяжы з Украінай.

Пра гэта паведамляецца на старонцы ў Twitter рэсурсу OSINTdefender.

Паводле апублікаванай карты, Расея забараніла самалётам палёты ўздоўж усёй паўночна-ўсходняй мяжы Украіны.

CNN пацьвердзіў, што Расея закрывае паветраную прастору на мяжы з Украінай для грамадзянскай авіяцыі да 18 траўня.

Раней паведамлялася, што на ноч ва Украіне зачыніліся аэрапорты Харкава і Дняпра і Запарожжа. Ёсьць інфармацыя, што палосы перакрыты трактарамі, каб не дапусьціць магчымага прызямленьня варожай авіяцыі з дэсантам.

Таксама паведамлялася, што Служба бясьпекі Украіны фіксуе павелічэньне колькасьці расейскіх вайскоўцаў на мяжы з Харкаўскай вобласьцю.

07:27 24.2.2022

Зяленскі тэрмінова склікае Савет нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

Чакаецца, што сёньня абвесьцяць ваеннае становішча па ўсёй Украіне, пішуць СМІ.

07:27 24.2.2022

Украіна закрыла паветраную прастору


З 00.45 паветраная прастора Ўкраіны закрытая для грамадзянскіх карыстальнікаў.

07:30 24.2.2022

ЗША і Нямеччына на паседжаньні Рады ААН заклікала Расею спыніць ваенную апэрацыю

Заява прадстаўніка ЗША ў Радзе Бясьпекі ААН: «Цяпер, калі мы спрабуем дасягнуць міру, Пуцін абвясьціў вайну. Злучаныя Штаты будуць дзейнічаць рашуча і прыцягнуць Расею да адказнасьці». Злучаныя Штаты рыхтуюць адмысловую рэзалюцыю аб пачатку ваеннай апэрацыі.

07:33 24.2.2022

Ціханоўская пра пачатак вайны: «Рэжым ператварыў нашу краіну ў агрэсара»

«Гадзіну таму Расея пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі пачала беспадстаўную і бессаромную ваенную агрэсію супраць Украіны. Рэжым ператварыў нашу краіну ў агрэсара. Але беларусы ня хочуць вайны. Беларусь рашуча асуджае гэты крок і выступае за Ўкраіну», – напісала Сьвятлана Ціханоўская ў Твітэры.

07:36 24.2.2022

Атака бесьпілотнікаў у Барыспалі


Мэр Барыспаля Ўладзімір Барысенка паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы адбіваюць атаку неапазнаных бесьпілотнікаў. У Барыспалі знаходзіцца галоўны аэрапорт Кіева.

«Вы чулі ўсе стрэлы і выбухі. Падразьдзяленьні СПА адбіваюць атаку па невядомым сьмяротным аб'екце».

Сілавікі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, зазначыў ён. Патрэбнасьці ў бамбасховішчах няма.

07:38 24.2.2022

МЗС Украіны: Пуцін пачаў поўнамашабную вайну супраць Украіны

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба напісаў у Twitter: «Пуцін пачаў поўнамашабную вайну супраць Украіны. Трываюць ударыпа мірных украінсках гарадах. ГЭта захопніцкая вайна. Украіна будзе абараняцца і пераможа. Сьвет можа і павінен спыніць Пуціна. Час дзейнічаць — проста цяпер».

07:39 24.2.2022

Генэральны сакратар ААН заклікаў Расею вярнуць войскі, каб не дазволіць здарыцца «найгоршай з пачатку стагодзьдзя вайне ў Эўропе»

Антонію Гутэрыш заявіў, што канфлікт неабходна спыніць неадкладна. Ён назваў тое, што адбываецца, самым сумным момантам у яго кар'еры на пасадзе кіраўніка арганізацыі і заклікаў Маскву вярнуць войскі. Таксама ён заклікаў прадстаўніка РФ Небензю скласьці абавязкі старшыні Савету бясьпекі ААН.

07:46 24.2.2022

Дэпутатка пра выбухі ў Кіеве

Дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка напісала ў сваім Тэлеграм-канале, што, знаходзячыся ў цэнтры Кіева пачула выбухі, якія арыентаваны адбыліся паблізу ўкраінскай сталіцы.

«Пячэрск. Чуваць выбухі недзе паблізу Кіева. Тры выбухі. Першы каля пятай раніцы. Ужо чатыры выбухі».

07:47 24.2.2022

Украіна ўводзіць ваеннае становішча

Пра гэта абвясьціў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Ён заклікаў украінцаў захоўваць спакой і заставацца дома, а таксама паведаміў, што ўжо правёў тэлефонную размову з Байдэнам.

«Прэзыдэнт Пуцін сёньня раніцай абвясьціў правядзеньне спэцыяльнай вайсковай апэрацыі на Данбасе. Расея ажыцьцявіла ўдары па нашай вайсковай інфраструктуры і па нашых памежніках, памежных атрадах. У шматлікіх гарадах былі чутныя выбухі. Мы ўводзім ваеннае становішча на ўсёй тэрыторыі дзяржавы», — заявіў Зяленскі ў сваім відэазвароце.

Прэзыдэнт заклікаў грамадзян Украіны да спакою.

07:48 24.2.2022

Дэсантная апэрацыя Расеі

«Інтерфакс-Україна» са спасылкай на Міністэрства абароны паведамляе аб пачатку дэсантнай апэрацыі Расеі у Чорным і Азоўскім марах.

07:49 24.2.2022

Пра атаку на аэрапорт Барыспаль

Мэр Барыспаля ў жывым этэры Facebook паведаміў, што чутныя выбухі зыходзілі ад украінскіх сілаў супрацьпаветранай абароны, якія адбівалі атаку невядомага аб’екту з паветра. Паводле яго слоў, цяпер няма неабходнасьці ісьці ў сховішча.

07:51 24.2.2022

Штурм Шчасьця

Падразьдзяленьні «ЛНР» пачынаюць штурм падкантрольнага Ўкраіне горада Шчасьце — сказаў дарадца кіраўніка МУС рэспублікі.

08:01 24.2.2022

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што не наносіць удараў па гарадах Украіны

Узброеныя сілы Расеі не наносяць ракетных, авіяцыйных і артылерыйскіх удараў па гарадах Украіны, паведаміла РИА «Новости» са спасылкай на Міністэрства абароны Расеі.

Мінабароны Расеі заявіла, што «выводзяцца з ладу ваенная інфраструктура, аб’екты супрацьпаветранай абароны, вайсковыя аэрадромы і авіяцыя ўкраінскай арміі», — цытуе расейская «Новая газета».

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG