Пра гэта інфармуе DW.
Паводле дадзеных цэлага шэрагу СМІ, Вашынгтон зьвярнуўся зь лістом да Вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека Мішэль Бачэлет зь лістом, у якім папярэджвае аб магчымых наступствах для насельніцтва пасьля вайсковага ўдару Расеі па Ўкраіне. Расея складае сьпіс украінцаў, якія ў выпадку ўварваньня павінны быць «забітыя ці адпраўленыя ў лягеры», гаворыцца ў дакумэньце, пра які 20 і 21 лютага паведамілі амэрыканскія газэты The New York Times і The Washington Post, а таксама інфармацыйныя агенцтвы Reuters, AFP і dpa.
Згодна з гэтым лістом, у Злучаных Штатаў ёсьць «дакладныя зьвесткі», якія сьведчаць пра складаньне такіх сьпісаў расейскімі ўзброенымі сіламі. «Акрамя таго, у нас ёсьць інфармацыя, якая заслугоўвае даверу, што расейскія ўзброеныя сілы, пэўна, будуць прымяняць сьмяротныя меры для разгону мірных пратэстаў або іншым чынам процідзейнічаць мірным выступленьням з боку цывільнага насельніцтва», — адзначаецца ў дакумэнце, падпісаным прадстаўніком ЗША пры ААН у Жэнэве Нэлам Крокерам.
ЗША заявілі аб плянаваных шырокамаштабных парушэньнях правоў чалавека
Паводле яго, у Расеі плянуюць шырокамаштабныя парушэньні правоў чалавека ў выпадку правядзеньня ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне. Пры аналягічных апэрацыях у мінулым такія меры ўключалі мэтанакіраваныя забойствы, выкраданьні, неабгрунтаваныя затрыманьні і выкраданьні мірных жыхароў і катаваньні, заявіў далей прадстаўнік ЗША.
Хутчэй за ўсё, гэтыя парушэньні правоў чалавека будуць ажыцьцяўляцца ў дачыненьні да тых, хто выступае супраць дзеяньняў Расеі, у тым ліку расейскіх і беларускіх дысыдэнтаў, які жывуць ва Ўкраіне, а таксама журналістаў, змагароў з карупцыяй і прадстаўнікоў уразьлівых груп — рэлігійных і этнічных меншасьцяў і асоб ЛГБТІ-супольнасьці.
Гэты ліст быў названы сапраўдным крыніцамі выданьняў у амэрыканскай адміністрацыі. Тым часам у Крамлі назвалі яго фэйкам. «Гэта абсалютная качка. Гэта хлусьня. Мне вядома, што гэта абсалютная выдумка. Такога сьпісу не існуе. Гэта фэйк», — заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў.
Эскаляцыя канфлікту з Расеяй
Крызіс, зьвязаны з пагрозай уварваньня Расеі ва Ўкраіну, рэзка абвастрыўся за апошнія дні пасьля заяў кіраўнікоў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» аб эвакуацыі насельніцтва ў Расею, распаўсюджаных 18 лютага. Пасьля гэтага на тэрыторыю Растоўскай вобласьці пачалі прывозіць жыхароў Данбасу.
Прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн выказаў упэўненасьць, што Крэмль ужо прыняў рашэньне аб нападзе і плянуе, у тым ліку, захапіць Кіеў. Ва Ўкраіне заяўляюць, што гатовыя да любых сцэнараў. У «ДНР» і «ЛНР» аб’явілі ўсеагульную мабілізацыю.
Паводле дадзеных заходніх краін, у рэгіёнах уздоўж украінскай мяжы разьмешчаныя каля 150 тысяч расейскіх салдат. РФ сьцьвярджае, што не плянуе нападзеньня. Між тым Масква і Менск працягнулі правядзеньне сумесных вучэньняў, адмовіўшыся вывесьці з тэрыторыі Беларусі расейскіх вайскоўцаў.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.