Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пэкіне прайшла цырымонія закрыцьця Алімпіяды. Беларусы выступілі горш, чым на трох папярэдніх гульнях


Закрыцьцё Алімпіяды, 20 лютага 2022 году
Закрыцьцё Алімпіяды, 20 лютага 2022 году

На зімовых Алімпійскіх гульнях у Пэкіне спартоўцы зь Беларусі заваявалі два срэбраныя мэдалі. Гэта горш, чым на трох папярэдніх (у 2010, 2014 і 2018 гадах), і адпавядае выступленьню на першай у сувэрэннай гісторыі краіны Алімпіядзе (у 1994 годзе), перадае БелаПАН.

Сёлета ў Пэкіне на другую прыступку п’едэстала ўзьняліся біятляніст Антон Смольскі (індывідуальная гонка) і фрыстайлістка Ганна Гуськова (акрабатыка).

У агульным мэдалёвым заліку каманда заняла 24-е месца. У першай тройцы Нарвэгія (16 залатых, 8 сярэбраных і 13 бронзавых мэдалёў), Нямеччына (12, 10, 5) і Кітай (9, 4, 2).

Цырымонія закрыцьця гульняў
Цырымонія закрыцьця гульняў

З постсавецкіх краін мэдалі акрамя беларусаў заваявалі спартоўцы з Расеі (6, 12, 14), Украіны (0, 1, 0), Латвіі і Эстоніі (па 0, 0, 1).

28 гадоў таму ў нарвэскім Лілехамэры каманда заняла 15-е месца, срэбраныя мэдалі заваявалі канькабежац Ігар Жалязоўскі (цяпер нябожчык) і біятляністка Сьвятлана Парамыгіна.

З улікам мінулых Гульняў у Пэкіне беларускія спартоўцы заваявалі 20 мэдалёў (8, 7, 5).

Больш за ўсё ўзнагарод заваявана ў 2014 годзе ў Сочы — шэсьць (8-е месца). Тры «золата» ў біятляністкі Дар’і Домрачавай (гонка перасьледу, індывідуальная гонка, мас-старт), па разе перамаглі фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір (абодва ў акрабатыцы); «бронза» ў біятляністкі Надзеі Скардзіна (індывідуальная гонка).

Горшае выступленьне было ў 2002 годзе ў Солт-Лэйк-Сіці (23-е) — адзін бронзавы мэдаль, які заваяваў фрыстайліст Аляксей Грышын (акрабатыка). На той жа Алімпіядзе хакейная зборная дайшла да паўфіналу, сэнсацыйна абгуляўшы ў чвэрцьфінале швэдаў — 4:3. Гэтай перамозе сёньня споўнілася 20 год.

Адзін срэбраны мэдаль Беларусь заваявала ў 2006 годзе на Гульнях у Турыне (21-е месца) — ён на рахунку фрыстайліста Дзьмітрыя Дашчынскага (акрабатыка).

У 1998 годзе ў Нагана ў беларускай зборнай было дзьве «бронзы» (20-е месца): біятляніста Аляксея Айдарава (індывідуальная гонка) і Дзьмітрыя Дашчынскага.

Каманда Нарвэгіі — пераможца гульняў.
Каманда Нарвэгіі — пераможца гульняў.

У Ванкуверы ў 2010 годзе было па адным мэдалі кожнай вартасьці (17-е месца): «золата» — у Аляксея Грышына, «срэбра» — у біятляніста Сяргея Новікава (індывідуальная гонка), «бронза» — у Дар’і Домрачавай (індывідуальная гонка).

У 2018 годзе з Пхёнчхана беларусы прывезьлі тры мэдалі (15-е месца): «золата» — у фрыстайлісткі Ганны Гуськовай (акрабатыка) і жаночай зборнай у біятлённай эстафэце (Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, Дар’я Домрачава), — у Домрачавай (мас-старт).

У цэлым мэдалі на зімовых Алімпійскіх гульнях беларускай камандзе прыносілі прадстаўнікі трох відаў спорту: біятлёну (4, 4, 3), фрыстайлу (4, 2, 2) і канькабежнага спорту (0, 1, 0).

«Даволі нечаканым стаў мэдаль біятланіста Антона Смольскага, — зазначаецца ў аналізе Алімпіяды ў Пэкіне, праведзеным Беларускім фондам спартыўнай салідарнасьці (BSSF). — Паводле прагнозаў мы маглі разьлічваць толькі на фрыстайл. Але і гэта не вялікі посьпех, паколькі ўпершыню з 2006-га Беларусь узяла на гульнях у біятлёне менш за два мэдалі».

На думку фонду, такое выступленьне алімпійскай зборнай ня стала дзіўным, паколькі рэжым «зрабіў усё для таго, каб пазбавіць Беларусь высокіх вынікаў»: «З прычыны сваёй грамадзянскай пазыцыі Мікалай Іванавіч Казека, галоўны трэнэр зборнай па фрыстайле, быў звольнены з пасады і пазбаўлены прэзыдэнцкай стыпэндыі. Фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская была звольненая са зборнай за тое, што падтрымала беларускі народ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG