Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Макрон амаль дзьве гадзіны зноў абмяркоўвалі сытуацыю вакол Украіны па тэлефоне

абноўлена
Макрон і Пуцін пасьляя сустрэчы 7 лютага 2022 году
Макрон і Пуцін пасьляя сустрэчы 7 лютага 2022 году

Прэзыдэнты Расеі і Францыі Ўладзімір Пуцін і Эмануэль Макрон правялі тэлефонныя перамовы і абмеркавалі сытуацыю вакол Украіны. Званок доўжыўся адну гадзіну 45 хвілін. Пра гэта паведамляюць СМІ са спасылкай на паведамленьне Елісейскага палаца.

Прэзыдэнты выказалі розныя пазыцыі па пытаньні аб тым, хто нясе адказнасьць за напружанасьць на ўсходзе Ўкраіны. Пра гэта паведаміў дарадца прэзыдэнта Францыі.

Як паведамляецца, Макрон усклаў віну за абвастрэньне сытуацыі на Данбасе на прарасейскіх сэпаратыстаў, а Пуцін — на Ўкраіну.

Прадстаўнік кіраўніцтва Францыі таксама паведаміў, што прэзыдэнты дзьвюх краін пагадзіліся адна з адной у тым, што трохбаковая сустрэча прадстаўнікоў АБСЭ, Украіны і Расеі адбудзецца ў панядзелак.

Парыж заявіў, што перамовы Пуціна і Макрона разглядаюцца як апошняя магчымая спроба пазьбегнуць канфлікту Расеі і Ўкраіны.

Паводле дадзеных BFM TV, Пуцін і Макрон гаварылі аб тым, як пазьбегнуць буйной вайны ў Эўропе на фоне асьцярог Захаду з нагоды магчымага нападу Расіі на Ўкраіну.

У паведамленьні Крамля аб тэлефоннай размове гаворыцца, што была выказана сур’ёзная заклапочанасьць рэзкім пагаршэньнем абстаноўкі на лініі судакрананьня ў Данбасе. Пры гэтым прычынай эскаляцыі Пуцін назваў «правакацыі ўкраінскіх сілавікоў». Расейскі прэзыдэнт таксама згадаў «напампоўку краінамі NATO Украіны сучаснымі ўзбраеньнямі і боепрыпасамі».

«З улікам вастрыні дадзенага становішча прэзыдэнты прызналі мэтазгодным актывізаваць пошук рашэньняў дыпляматычнымі сродкамі па лініі зьнешнепалітычных ведамстваў і палітдарадцаў лідэраў краін-удзельніц „нармандзкага“ фармату», — гаворыцца ў паведамленьні Крамля. У Маскве зноў абвінавацілі Кіеў у адмове ад рэалізацыі Менскіх пагадненьняў.

Пасьля размовы з Пуціным Макрон перагаварыў з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Па выніках размовы Зяленскі напісаў у твітэры, што Кіеў і Парыж выступаюць за неадкладнае скліканьне паседжаньня Трохбаковай кантактнай групы і ўвядзеньне рэжыму цішыні ў Данбасе.

Апошнія тыдні прэзыдэнты Францыі і Расеі некалькі разоў размаўлялі па тэлефоне, а 7 лютага сустракаліся асабіста ў Маскве. Пасьля перамоваў Макрон паведаміў, што яму ўдалося прадухіліць эскаляцыю расейска-ўкраінскага канфлікту. Пасьля гэтага францускі лідэр наведаў Кіеў і Бэрлін.

  • Аб нарошчваньні расейскай вайсковай групоўкі паблізу Ўкраіны ўжо некалькі месяцаў папярэджваюць заходняя выведка і іншыя крыніцы. Краіны Захаду лічаць, што Крэмль плянуе нападзеньне на суседнюю краіну.
  • Масква заяўляе аб правядзеньні вайсковых вучэньняў на сваёй тэрыторыі і любыя абвінавачаньні ў агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны абвяргае. Расейскі МЗС называе абвінавачваньні гістэрыяй.
  • Апошнія дні сэпаратысты ў Данбасе сьцьвярджаюць, што ўкраінскія войскі рыхтуюцца да наступу на іх пазыцыі. Кіеў гэта катэгарычна адмаўляе. Эўразьвяз заявіў, што лічыць беспадстаўнымі заявы «ДНР» і «ЛНР» аб плянах Украіны на пасьці на іх.
  • Амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн, выступаючы на днях у Белым доме, звярнуўся да расійскага народа, сказаўшы, што ЗША не пагражаюць яму, і што Злучаныя Штаты не з’яўляюцца яго ворагам. Па словах Байдэна, Вашынгтон не імкнецца дэстабілізаваць Расею.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG